Гамілія на V ЗН, год С
«Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей.»
Дарагія браты і сёстры!
Для сённяшняй Літургіі слова характэрна багацце вобразаў і тэматыка паклікання. Варта яшчэ раз прыглядзецца сённяшнім чытанням, каб разважаючы над Божым Словам, з павагай і рашучасцю прыняць да сэрца ўсё тое, з чым звяртаецца да нас Боскі Настаўнік.
У кнізе прарока Ісаі, а менавіта ў сённяшнім фрагменце, аўтар піша аб сваёй візіі, у якой ён бачыць Пана, які сядзіць на высокім узнесеным троне, а таксама бачыць, каля Яго Серафімаў, якія ўсклікаюць: “Святы, Святы, Святы, Пан Бог Магуццяў. У той жа час аўтар ўсведамляе сваю нягоднасць і грэшнасць перад Панам і Яго Серафімамі, будучы сведкам гэтай незвычайнай з’явы. Гэты факт выклікаў пэўнага роду хваляванне і горыч з якімі сведка гэтых візіяў моцна ўсклікае: “Гора мне, бо Я загінуў, таму што я чалавек з нячыстымі вуснамі…а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў.”
Вялікі страх ахоплівае чалавека, калі ён усведамляе сваю слабасць, недасканаласць і грэшнасць перад Богам. Чалавеку не ўсё пад сілу, але ў Бога няма нічога немагчымага. Ён-як мы чуем-ачышчае вусны ад беззаконня і адкупляе грэх. І ўрэшце Бог выбірае свайго прарока, спасылае яго ў свет, да свайго народу, каб праз вусны гэтага выбранага чалавека, здзяйснялася Божая воля. Каб вусны гэтыя былі вострым мечам у абароне Божага закону і праўды.
Аўтар кнігі прарока Ісаі, выразна чуе голас Пана, перадусім у сваім сэрцы. Каго мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас? Гэтыя словы выражаюць пакліканне, з якім Бог звяртаецца не толькі да выбранага прарока, але да кожнага чалавека. Ён хоча, каб кожны з нас выконваў Яго волю, жыў паводля Яго закону, паступаў мудра і справядліва.
Быць прарокам Пана - гэта не толькі гонар, але вялікая адказнасць і дабрасумленная праца. Таму што Божы заклік заўсёды ставіць чалавека перад выбарам: пайсці за гэтым заклікам, або яго праігнараваць. У дадзеным выпадку мы бачым пазітыўны адказ гэтага чалавека, да якога звяртаецца Бог. Ён пачынае супрацоўнічаць з Богам. І Адбываецца гэта пачынаючы ад канкрэтнага адказу: Вось я, пашлі мяне.
Другое чытанне з’яўляецца сваеасаблівым вызнаннем веры ў Езуса Хрыста, якое апостал Павел кіруе да Карынцянаў, дзеля ўмацавання іх у веры. Каб дэпазіт веры, які Езус пераказаў апосталам, непарушна захаваць сярод супольнасці веруючых Карынту. Каб карынцяне не прамянялі праўду на нейкія неверагодна ілжывыя тэорыі, якія нямелі нічога агульнага з Евангеллем.
Апостал Павел кажа, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання, а затым сведчыць пра тое, што Езус аб’яўляўся сваім вучням: спачатку Пятру, затым дванаццаці апосталам, пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова. Потым з’явіўся Якубу, потым – усім Апосталам. І ўрэшце Павел кажа, што Езус з’явіўся і мне і падкрэслівае тое, што так вучаць усе апосталы: ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.
І ўрэшце кульмінацыйным момантам сённяшняга Божага Слова з’яўляецца Евангелле, менавіта сцэна паклікання Пятра і першых вучняў. Асобай, якая вылучаецца ў прачытаным урыўку з Евангелля, з’яўляецца Сымон Пётр. Лука ў пятай главе Евангелля пачынае развіваць тэму і канчаткова яе завершыць у наступнай шостай главе. Толькі тады, калі Езус пакліча Дванаццаць, свайго першага апостала Езус назаве Пятром. Да гэтага ён носіць імя Сымон. Гэтае імя даў яму Езус, і яно ўказвае на пасаду і аўтарытэт Пятра, якія ён будзе выконваць у Касцёле.
Перад гэтым Езус выпрабоўвае Сымона Пятра. Спачатку просіць яго адплысці ад берага, потым Езус загадвае яму закінуць сеткі у возера. Напэўна ўжо тады Езус меў вялікі аўтарытэт Настаўніка, але нават гэты факт не пазбавіў незадавальнення Сымона Пятра, які яму адказаў: “Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі”. Аднак нягледзячы на ўнутраны бунт, Пётр усё ж такі верыць словам Езуса, бо пазней дадае: “па слову Твайму закіну сеткі”. Ён прымае парадаксальныя словы Езуса, і гэта прыносіць вялікі плён. Бо “яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі”.
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Кожнаму з нас трэба задаць пытанне: што праз гэтыя словы хоча сказаць мне Бог? Да чаго ён мяне кліча? Пётр выразна адчуў сваё пакліканне, а як быць з намі? Ці мяне таксама Бог кліча? А калі і кліча, то як мне пачуць Яго голас?
Гэтыя і падобныя пытанні могуць нас сёння вельмі цікавіць. У сваім слове Бог кожнага з нас кліча да вернасці праўдзе і жыццю паводле Евангелля. У сённяшнім Слове Бог выразна кажа нам аб двух рэчах.
Першая рэч - гэта аўтарытэт Касцёла, які збудаваны на падмурку апосталаў, якому Хрыстус даў сваю ўладу і моц і якога прадстаўляе апостал Пётр, першы з апосталаў.
Другая рэч - гэта тое, што Бог праз сваё слова звяраецца да кожнага чалавека. Ён кліча кожнага з нас. Можна канешне падумаць, што мы не такія як апостал Пётр або не такія як іншыя апосталы, але кожны веруючы чалавек мае Хрыстовую місію, абароны і распаўсюджвання веры, так як сёння мы чулі ў другім чытанні. Каб праўду веры, якую мы атрымалі, не толькі не здэфармаваць праз сваю слабасць і людскую гршнасць, але ўзмоцненыя добрым прыкладам, мужна змагацца за веру, кожны дзень свайго жыцця. Вось гэта нашая місія. І да яе асаблівым чынам кліча нас Бог: быць вернымі Хрыстовымі вучнямі, каб чуць той голас, праз які прамаўляе сам Хрыстус. Каб мы не толькі чулі гэты голас, але маглі разам з прарокам адказаць: Вось я пашлі мяне.
Няхай сённяшняе Божае слова абудзіць у нашых сэрцах адвагу, каб мы не баяліся той місіі і задання, якое даручае нам Бог да выканання. Бо Ён сам узмоцніць нас і дасць патрэбныя сілы для таго, каб мы былі апосталамі нашага часу. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment