Гамілія на Велікодную Нядзелю
«Чаму шукаеце жывога сярод памерлых! Няма Яго тут, Ён уваскрос!»
Дарагія браты і сёстры!
Сёння ўрачыста б'юць званы хрысціянскіх святыняў, ва ўсім свеце. Сёння ўсяму свету абвяшчаецца радасная вестка аб уваскрасенні Езуса Хрыста. І кожны з нас, калі вітаецца, кажа: Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос -чуе адказ.
Балесная мука і крыжовая смерць здаваліся быць трагічным заканчэннем Езусавай місіі. Але кульмінацыяй гэтай місіі стала радаснае і поўнае хвалы ўваскрасенне нашага Пана.
Жанчыны, якія ў Велікодную раніцу прыйшлі да магілы і не знайшлі там цела Езуса, першы раз пачулі праўду пра Ўваскрослага Пана: Не бойцеся! Шукаеце Езуса ўкрыжаванага? Няма Яго тут, Ён уваскрос!
Гэтыя словы сталі пачаткам вандроўкі радаснай весткі Ўваскрасення, вандроўкі па гісторыі, якую ніхто, нішто і ніколі не зможа затрымаць або змяніць. Так было, так ёсць і так будзе да канца вякоў.
Мае дарагія! Гэтая радасная вестка не падобная да іншых вестак, якія мы чуем. Гэта вестка не такая як ва ўчарашняй газеце, што сёння ўжо не актуальная. Бо весткі якія у газетах, часопісах, тэлебачанні, радыё яны сенсацыйныя і доўга не жывуць. Паглядзіце, нашая вестка актуальная ўжо больш чым 2000 год. Сёння мы таксама чуем словы анёла, што калісьці жанчыны чулі ў грабніцы: «Няма Яго тут, Ён уваскрос»
Умілаваныя! Вестка аб уваскрасенні Езуса Хрыста распаўсюджваецца па сённяшні дзень. Кожная Нядзельная Святая Імша – гэта абвяшчэнне сённяшняй радаснай весткі пра уваскрасенне нашага Пана.
Дарагія! А чым для кожнага з нас з'яўляецца ўваскрасенне Пана? Як мы разумеем гэтую ўрачыстасць? Ці ўспрымаем толькі як далёкі гістарычны факт, што Хрыстус паўстаў з мёртвых. Ён зноў жыве, спатыкаецца са сваімі вучнямі з іншымі людзьмі, аб'яўляе сваю Боскую моц, перамагаючы смерць, пекла і грэх. Гэта ўсё добра, але адной гісторыі мала. Мы няможам глядзець на перамогу Хзрыста як гледачы кінатэатра, паглядзелі фільм узрушыліся, потым вярнуліся дамоў і забыліся. Нам трэба персанальна перажыць Пасхальную Таямніцу і Хрыстус нас да гэтага перажывання запрашае, Ён хоча каб мы пераканаліся у тым што гэтыя падзеі датычаць нас.
У адным невялікім мястэчку ў паўднёвай Францыі, людзям жылося вельмі складана. Гэта была эпоха сярэднявечча, якая была насычана рознымі выклікамі таго часу: грозная чума, якая распаўсюджвалася з неверагоднай хуткасцю і забірала жыццё многіх людзей, гэта быў час варварскіх нападаў, дзе гінула таксама вялікая колькасць людзей, гэта таксама і бязлітасная манархія, якая часам забірала ў людзей апошняе, карацей кажучы не жылося лёгка людзям таго мястэчка. Калі іх пачала закранаць бяда адна за адной, яны сталі трапляць у адчай, яны пыталі сябе а дзе ж Бог, чаму Ён дапускае такое. Але беды толькі памнажаліся. І тады тыя пытанні і нараканні людзей перараслі ў адчай і роспач. Яны пачалі выкрыківаць, што Бога няма, і ад таго моманту тое мястэчка апанавала поўнае бязладдзе, амаральнасць, пьянства і атэізм, кожны жыў як хацеў, кожны быў Панам сам для сябе.
І вось аднойчы у адзін нядзельны дзень у тое мястэчка завітала працэсія, на чале якой ішоў манах, у грубым ваўняным габіце, з каптуром, які закрыва ягоны твар. У руках манах нёс вялікі голы крыж, на якім не было фігуркі Збавіцеля. Калі гэтая працэсія праходзіла праз цэнтр мястэчка іх абсвісталі раз'юшаныя жыхары, некаторыя выкрыквалі прэч адсюль, тут Бога няма! Аднак гэтая працэсія спакойна пакрочыла далей ад цэнтра мястэчка да Касцёла, які хоць і быў адчынены, але даўно туды ніхто не заходзіў.
І вось працэсія з тым манахам увайшла ў касцёл, абураныя жыхары гарадка былі здзіўлены, яны таксама пацягнуліся ў касцёл, але не з намерам каб маліцца, але каб выказаць тому пабожнаму манаху, усё што ў іх сабралася на сэрцы, увесь шквал эмоцыяў і абурэнняў. Заходзяць яны ў касцёл, і бачаць як тыя людзі моляцца, а манах уздымаецца на амбонку, каб прамовіць казанне. Жыхароў гэтага мястэчка апанавала злосць і гнеў і яны пачынаюць мітусіцца і лётаць па касцёле, шумець, хтосьці нават узлез на аголены алтар і трымаючы ў руцэ пусты келіх гучна закрычаў, што Бога няма! І тут манах папрасіў цішыні і пачаў сваё казанне.
Дарагія браты і сёстры, я хачу ван сёння нешта расказаць. Калі Божы Сын паміраў на крыжы, да якога Яго прыбілі цвікамі, то натоўпы падобна як і вы таксама здзекваліся з Яго і смяяліся, казалі калі Ты Сын Божы сыдзі з крыжа, толькі мы тады паверым ў цябе, падобным чынам насміхаўся адзін са злодзеяў, які быў укрыжаваны разам з Езусам.
Тады ўкрыжаваны Збавіцель так падумаў: «Я павінен памерці дзеля гэтых людзей, якіх мая смерць зусім не кранае... Гэта Я павінен аддаць сваё жыццё за такіх людзей, якіх нічым ужо нельга да сябе прыцягнуць, якіх перапаўняе абыякавасць і злосць.» І тады Збавіцель усклікнуў: «Не! З Мяне хопіць!» Ён сваёй Боскай моцай вырваў цвікі з дрэва, саскочыў з крыжа, забраў адзенне ад анямелых са здзіўлення жаўнераў і знік, пакідаючы адзін аголены крыж... Раптам у тым касцёле запанавала мёртвая ціша, а чалавек, які трымаў пусты келіх і выкрыкваў блюзнерствы, даўно злез з алтара, келіх выслізнуў з яго дрыжачых рук, і ў той момант ён усклікнуў: Эй, Ты, манах, павесь Збавіцеля назад на крыж! Мае дарагія! Так як няма перамогі без змагання, так не было б уваскрасення без крыжа!Але кожнаму з нас трэба усвядоміць і перажыць гэтую таямніцу асабіста.
Кожная нядзеля - гэта тая ж сённяшняя Пасха, бо ў гэты дзень святкуецца таямніца нашага збаўлення. Паглядзіце! Руская мова вельмі прыгожа перадае каларыт гэтай таямніцы -Воскресенье. Таму для кожнага з нас вельмі важна мець свядомасць гэтага Божага дару, у якім кожны з нас бярэ ўдзел. Нельга, мае дарагія, гэты Божы дар марнаваць або занядбоўваць. Бо не дзеля асвячэння пасхальных яек, ці іншай ежы мы сёння сюды прыходзім, але каб шчыра ад сэрца падзякаваць Пану Богу за дар збаўлення, каб ушанаваць святы дзень.
Таксама, мае дарагія, нельга гэтага светкавання Пасхі Пана, схаваць толькі для сябе, бо Айцец уваскрасіў Езуса, а мы ўсе з'яўляемся Ягонымі светкамі. І гэта ёсць мэтай нашага хрысціянскага паклікання: сведчыць пра Езуса, які ўваскрос. Сведчыць і жыць паводле гэтага сведчання.
Яно, гэтае сведчанне, мае дарагія, не павінна заканчвацца на парозе Касцёла, калі мы выходзім. Ім трэба па-просту жыць на кожны дзень. Жадаю сабе і Вам, каб кожны з нас гэтае хрысціянскае пакліканне мог у поўні рэалізаваць у сваім жыцці, і сярод тых людзей, да якіх нас пасылае Бог. Каб праз нашае жыццё пачуў увесь свет, тую праўду, што пачулі некалі жанчыны ў грабніцы з вуснаў анёлаў: «Не бойцеся. Шукаеце Езуса ўкрыжаванага? Няма Яго тут, Ён уваскрос!» Амэн.
Чытанні: Літургія слова Велікоднай Нядзелі

Comments
Post a Comment