Гамілія на V НВП, год С

«Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе? Ніхто, Пане… I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы.»

Дарагія браты і сёстры!

Сёння ў Евангеллі мы сустракаемся з вельмі вядомымі падзеямі з жыцця Езуса. Аднак, перш чым паразважаць над дадзеным урыўкам, нам карысна будзе прыглядзецца да вобразу жанчыны, які нам адкрывае Евангелле. Якое месца жанчына займае ў тагачасным грамадстве і як грамадства трактуе жанчыну часоў Езуса.

Наогул Біблія вельмі прыгожа але і аб’ектыўна апавядае аб жанчыне розных эпохаў. Евангелле таксама ўзгадвае пра жанчын з сумніўнай рэпутацыяй, дарэчы аб гэтым мы чуем сёння, аднак перш за ўсё дазвольце прыгадаць у двух словах, які звычайна лёс чакаў жанчыну у габрэйскім грамадстве. З жанчынай амаль не лічыліся, грамадства адносілася да жанчын калі не з відавочнай пагардаю, то напэўна з сур’ёзнай дыскрымінацыяй, даручаючы ім, жанчынам, адказнасць за нараджэнне дзяцей і не больш. Дарэчы такая ментальнасць захавалася нават і зараз у некаторых ісламскіх краінах.

Жанчына часоў Езуса нямела права голасу, нямела істотнага месца ані ў культуры, ані ў грамадстве. З жанчынай настолькі не лічыліся, што нават у выпадку чужалоства, цалкам абвінавачвалі жанчыну, мужчыну ніколі публічна не вінавацілі ў гэтым граху.

Фарысеі і кніжнікі, якія лічыліся вельмі ўплывовымі і аўтарытэтнымі рэлігійна-грамадскімі лідэрамі згаджаліся на такі жаночы лёс. І напэўна іх вельмі здзіўляла пастава Езуса, які па-іншаму, не так як яны, трактаваў жанчыну, нават такую грэшніцу. 

Дарагія! Езус Хрыстус няможа быць абыякавы да чалавека і таму Ён нямог згадзіцца на такую несправядлівую ментальнасць грамадства. Хрыстус становіцца абаронцам годнасці кожнага чалавека, асабліва тых наібольш патрабуючых, да якіх часамі адносіліся як не да людзей. Менавіта таму Езус па-іншаму адносіцца да жанчын, падкрэсліваючы іх годнасць як у грамадстве, так і ў сям’і. Езус асуджае грэх, ані чалавека.

Каб гэтую паставу Езуса лепш зразумець, трэба успомніць словы Яна Евангеліста, якія ён піша адносна Настаўніка з Назарэту: “Езус ведаў, што крыецца ў чалавеку, яго нутро, яго сэрца”. Вось менавіта таму Езус Хрыстус дасканала ведаў не толькі грэх чалавека, але і яго наступствы, тое, што дзейнічала ў сэрцы чалавека, якое было сапсаванае грахом і адлюстроўвалася не толькі на адным чалавеку, але на цэлым грамадстве. Несправядлівасць і крыўда станавіліся нормай. А тое, што у Божых вачах было грахом і злом, у грамадстве лічылася цнотай. 

Дарагія! Калі зараз паглядзець на наш свет, у нашу эпоху: у грамадствах, зраненых грахом, таксама пануе несправядлівасць і дыскрымінацыя, не лічыцца годнасць чалавека, але яго статус і грошы. Мода, якая крыўдзіць чалавека, стала чымсьці нармальным у наш час. А быць адказным і сумленным - стала не ў модзе. Можна прыводзіць шмат падобных прыкладаў, якія для многіх людзей у нашым грамадстве, не выклікаюць негатыўных эмоцый, тым не менш, для чалавека веруючага, ёсць канкрэтны сігнал, які паведамляе аб патрэбе аздараўлення як паасобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. А б гэтым нам сёння прыпамінае Езус Хрыстус, паказваючы нам праўду пра нас саміх.

У гэтай праўдзе, з якой Езус Хрыстус да кожнага з нас звяртаецца, Ён аб’яўляе міласэрнае аблічча свайго Айца, які жадае нас прабачыць, ані асудзіць. Евангельскай праграмай Езуса, актуальнай ва ўсе часы, з’яўляецца прабачэнне і паяднанне: бо прабачыць - гэта дачакацца вяртання таго, хто цябе пакінуў і доказ часам нават без словаў, што той, хто вярнуўся, надалей для мяне вельмі цэнны, што я не перастаю любіць яго. Хрыстус нам сёння кажа, што прабачэнне – гэта таксама вяртанне сапраўднай годнасці, якой пазбаўляе нас грэх. Гэта вызваленне з фальшывага вобразу сябе самога і пазбаўленне ад пачуцця віны. Нічога дзіўнага, што словы Езуса амаль раз’юшвалі фарысеяў і кніжнікаў. Яны не маглі прыняць гэтую праўду. 

Калі мы ўважліва чытаем Евангелле, то можам сцвердзіць, што Езус ніколі не адносіцца з пагардай да жанчыны, наадварот, Яго словы і чыны выражаюць глыбокую павагу, а часамі спачуванне.

Вось прыклад. Каля студні Якуба Езус сустракае самаранку, жанчыну, жыццё якой было далёка не ўзорным: мела пяць мужоў, апошні мужчына з якім яна жыла, наогул не быў ёй мужам. Езус выдатна адчытаў яе жыццё, убачыў у ёй адчай, можа нават нейкую безвыходнасць ці бессэнсоўнасць жыцця. Іншыя людзі пагарджалі гэтай жанчынай, хтосьці папракаў яе за амаральны лад жыцця, але Езус узглянуўшы на гэтую жанчыну, прамовіў да яе словы, якія яе не толькі здзівілі, але паслужылі моцным штуршком да яе навяртання. Не былі гэта нейкія незвычайныя словы, але самая простая просьба – дай Мне піць…

На іншым месцы Евангелля, св. Лука піша аб грэшніцы, якая, калі даведалася, што Езус зайшоў у госці да пэўнага фарысея па імені Сымон, прынесла пасудзінку з пахучым алеем, схілілася да самых ног Настаўніка, плачучы намасціла ногі Езуса гэтым алеям і сваімі валасамі выцерла Ягоныя ногі. Езус тады скажа вельмі моцныя словы: адпушчаны ёй многія грахі бо моцна палюбіла і словы непасрэдна да жанчыны: твая вера цябе уратавала, ідзі ў супакоі.

Сённяшні ўрывак Евангелля апавядае нам аб жанчыне якую кніжнікі і фарысеі схапілі на чужалостве і сілай зацягнулі да Езуса, каб і з жанчыны паздзеквацца і Езуса абвінаваціць. Пагналіся за двумя зайцамі. Фактычна паводле права Маісея за такі чын чакала жанчыну смерць. А Езуса, якога ў габрэйскім грамадстве лічылі Настаўнікам Добрым, чалавекам міласэрным, можна было выдатна скампраміціраваць. Усё ішло паплану: яны настойліва пытаюцца ў Езуса, што нам рабіць з гэтай грэшнай жанчынай, якую паводле закона належыць забіць, што Ты як настаўнік нам скажаш. І вось тут пасля фенаменальных словаў Езуса увесь іх д’ябэльскі план рухнуў. “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень.” Дарагія! Наколькі моцнымі павінны былі стаць гэтыя словы Езуса, калі ж так глыбока кранулі сумленні тых абвінаваўцаў. Яны ўмоўчкі аддаліліся ад жанчыны і Езуса, пачынаючы ад старэйшых, так што застаўся толькі Езус і жанчына. І, калі наступіла гэтая незвычайная цішыня, Езус прамовіў: “ Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе? Яна адказала: Ніхто, Пане. Езус сказаў ёй: I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы.” Прабачэнне Езуса стала ратункам для жыцця гэтай жанчыны, якая напэўна адышла перамененая любоўю Хрыста, здабытая Ім, адноўленая ў годнасці і гатовая да паслухмянасці Божаму закліку.

Умілаваныя! Толькі Езус ведае што крыецца насамрэч у сэрцы чалавека. Толькі Ён ведае сапраўдную годнасць і вартасць чалавека ў Божых вачах і таму сам сведчыць аб гэтай незвычайнай вартасці і годнасці, калі згаджаецца на пакуты і крыжовую смерць. Словамі, якімі Езус звярнуўся некалі да той грэшнай жанчыны, Ён звяртаецца сёння да нас, якія перажываем паяднанне з Богам і бліжнімі: ідзі і больш не грашы. Амэн.





Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В