Гамілія на VI ВН, год С
«Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю.»
Дарагія браты і сёстры!
Напэўна не памылюся, калі сцверджу, што кожны з нас, калі не рэгулярна, то напэўна дастаткова часта адчувае недахоп супакою: як у сабе, так і навакол сябе. Калі наша сэрца неспакойнае, то мы адчуваем не толькі дыскамфорт, але неспакой, які ў нас, ён вельмі часта прыносіць нам боль. Мы пачынаем мітусіцца, не знаходзячы сабе месца. Такі праблемны неспакой існуе ў розных галінах нашага жыцця: нехапае яго у сэрцы, на працы з калегамі таксама адчуваецца неспакой або напружанне, а таксама ў думках, у адносінах з людзьмі і канешне ў сям'і. Што рабіць, каб не згубіць гэтай так далікатнай раўнавагі. Калі б супакой можна было набыць у краме, то напэўна гэта быў бы найбольш пажадыны і найбольш папулярны прадукт. Тым часам купіць супакой не атрымаецца, бо і ў крамах яго не прадаюць.
Мае дарагія! Усе мы шукаем супакою, суцішэння, гармоніі як унутранай так і знешняй, і часамі гатовыя заплаціць за гэта любую цану. І у гэтым пошуку мы неаднойчы трапляем у небяспечныя сітуацыі, складаныя, за якія прыходзіцца ў будучым жалець. Бо ёсць тыя, хто паспрабаваў знайсці супакой у злоўжыванні алкаголю, хтосьці думаў, што атрымае супакой, калі будзе набываць каштоўныя рэчы, ёсць і тыя, хто адважыўся знайсці супакой у нянавісці ці нават вайне. Якую цану заплацілі людзі за падобныя пошукі супакою. Яны не толькі не знайшлі супакою і цішы, але памножылі праблемы і пакуты, як для сябе, так і для іншых людзей. Цяжка паверыць што ёсць такія людзі, якія ўпэўнены, што яны знойдуць супакой толькі ў тым выпадку, калі помсцяць сваім ворагам, яны жывуць яшчэ прынцыпам Старога Запавету, скрытыкаваным некалі самім Езусам: «вока за вока, зуб за зуб».
Умілаваныя браты і сёстры! Каб знайсці супакой важна ведаць, што ён не з'яўляецца чымсьці, але Кімсьці. Так, супакой — гэта асоба. Езус Хрыстус з'яўляецца нашым супакоем: «Цяпер жа ў Езусе Хрысце вы, што калісьці былі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыстову, бо Ён — супакой наш...» (Эф. 2, 13-14). Калі зазірнем да Старога Запавету, то ўжо ў 7 стагоддзі перад нараджэннем Хрыста прарок Ісая называе Езуса Князем Супакою і, калі Езус Хрыстус нараджаецца ў горадзе Давіда, анёлы спяваюць: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк. 2, 14).
Сёння ў Евангеллі таксама чуем словы Езуса, які адыходзячы з гэтага свету дае нам гэты дар: «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам.» І пасля дадае вельмі важныя словы, якія датычаць гэтага дару: «Не так, як дае свет, Я вам даю.» Гэтыя словы нашага Збавіцеля становяцца тэстамэнтам, якія Ён пакідае ў час Апошняй Вячэры, перад Сваёй смерцю на крыжы. А давайце ўспомнім першыя словы Езуса, якімі Ён, пасля ўваскрасення, звернецца да сваіх вучняў, сабраных на вячэрніку - «Супакой Вам!»
Аўтарытэт Езуса, калісьці хацелі выкарыстаць для сваіх мэтаў розныя людзі, ці нават цэлы натоўп, калі хацеў яго схапіць і прымусова зрабіць царом. Іншыя хацелі бачыць Езуса ваяром, рэвалюцыянерам, змагаром за незалежнасць, аднак Езус паказаў кім Ён з'яўляецца насамрэч і за якія каштоўнасці змагаецца. Уваскрослы Хрыстус паказвае сваім вучням раны ад цвікоў і дзіды, такой стала цана здабытага супакою. Смерць на крыжы прынесла супакой — для чалавечага розуму, пазбаўленага святла веры, гэта здаецца чымсьці незразумелым, нават абсурдальным.
Аднак гэтае змаганне прынесла не толькі даўгачаканы супакой, але перамогу над грахом і дар вечнага жыцця. Езус ніколі не прапагандаваў збройнага ваеннага змагання. Калі Яго схапілі ў Аліўным Садзе, то Езус забараніў Пятру абараняцца мечам: хто мечам сячэ, ад яго ж і гіне, а мог нават дазволіць войскам нябесным абараніць сябе, але гэтага Езус не ўчыніў. Многія стоячы ля крыжа Езуса чакалі цуда, калі Езус сыдзе з крыжа і расправіцца з крыўдзіцелямі, але так і не дачакаліся, бо не ў гэтым быў сэнс крыжа і пакутаў нашага Збавіцеля... Сэнсам стаў супакой і паяднанне. Толькі ў Езусе Хрысце, чалавек поўнасцю здольны прымірыцца, падаючы адно аднаму руку і гэтае прымірэнне будзе глыбокім і сапраўдным, інакш без Езуса, гэты супакой будзе вельмі павярхоўным, абмежаваным да культурнай ветлівасці. Тым часам сапраўдны супакой нам дае толькі Езус.
Дарагія! Для нас Езус становіцца ўзорам прабачэння. Як часта здараецца ў нашым жыцці, што нам бывае цяжка камусьці прабачыць. Нас так зранілі, скампрамітавалі, высмеялі, што мы толькі сціснулі рукі ў кулакі і пастанавілі што не прабачым свам крыўдзіцелям. Такім чынам мы падсвядома імкнемся ім адпомсціць сваёй абыякавасцю, або ігнарацыяй, для нас тыя людзі перасталі існаваць. Аднак гэта не правільна. Аб гэтым нам выразна кажа сёння Езус, падкрэсліваючы словы: «Не так, як дае свет, Я вам даю (Супакой).» Калі нам цяжка прабачыць тым людзям, хто нас пакрыўдзіў, узгадайце словы Езуса на крыжы, Яму напэўна не было лягчэй чым нам, тым няменш Ён казаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць...» Таму даражэнькія шукайце супакою там, дзе ён напэўна ёсць і памятайце, што супакой, гэта не што, а Хто.
Адзін сумленны чалавек трапіў у вечнасць, там ён знайшоў святога Пятра і папрасіў яго правесці экскурсію па новым свеце. Спачатку яны прыйшлі ў прасторны зал, з вялікім натоўпам людзей. У цэнтры гэтага зала стаяў грамадны кацёл з кіпячым супам. Людзі былі худыя і галодныя, і кожны з іх меў даўжэнную лыжку ў чалавечы рост, з гэтай лыжкай кожны імкнуўся дацягнуцца да катла, каб зачэрпнуць суп і пасілкавацца. Гэтыя людзі гвалтам лезлі адзін на аднаго, штурхаліся, біліся між сабою, каб толькі за ўсялякі кошт, дацягнуцца да катла і насыціцца, але лыжка была задоўгая, а суп гарачы, таму нават калі хто і мог зачэрпнуць сабе супа, не разліць яго было немагчыма. Вось гэта пекла — сказаў апостал Пётр і павёў тога чалавека ў іншы зал. Там таксама было шмат людзей, пасярэдзіне таксама стаяў велізарны кацёл, у людзей былі такія самыя доўгія лыжкі, толькі ў адрозненні ад папярэдняга зала тут было ціха і спакойна, усе былі сытыя. Чаму? Таму што яны раздзяліліся на пары і накармілі адзін аднаго. Вось гэта рай.
Дарагія браты і сёстры! Супакой — вельмі каштоўны дар, і Хрыстус хоча, каб кожны з нас яго меў. Разам з дарам супакою, Езус дае нам свайго Духа і дае нам заданне, каб мы жылі Добрай Весткай і ёй дзяліліся з іншымі, пачынаючы ад сваёй сям'і. Калі хочаш змяніць свет, пачні ад сябе, калі хочаш знайсці супакой, паяднайся з Богам і бліжнімі. Свет няздольны нам даць сапраўднага супакою, нездарма вядомая лацінская прымаўка кажа: «Si vis pacem para bellum» - хочаш супакою, рыхтуйся да вайны, а якога супакою прагнеш і шукаеш сёння ты? Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment