Гамілія на IX ЗН, год С
“Нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры.”
Дарагія браты і сёстры!
Уявіце сабе, як павінны былі здзівіць Езуса словы сотніка, прамоўленыя праз пасланцоў: ”Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе здаровы слуга мой.”
На першы погляд звычайныя словы, якія мог прамовіць культурны і адукаваны чалавек. Але калі глыбей задумаемся і паразважаем, то без сумніву заўважым, тое ж што і Езус заўважыў. Словы гэтыя наскрось прапітаныя моцнай вераю. Таму веру гэтага чалавека Езус ставіць усім у прыклад.
Магчыма для Ізраэльцаў, гэта былі не самыя прыемныя словы, якія яны маглі пачуць ад Настаўніка. Аднак трэба заўважыць, што Хрыстус не хоча прынізіць свой народ. Ён толькі хоча паказаць, наколькі моцная вера гэтага чалавека, які просіць аб аздараўленні свайго слугі. Тое, што Езус у Ізраэлі не знайшоў такой вялікай веры, не значыць, што Ізраэль яе наогул нямеў. Хрыстус жадае матываваць свой народ, каб прыклад сотніка паслужыў натхненнем да пошукаў і ўмацавання сваёй веры.
І, даражэнькія, заўважце, моцная вера прынесла шчодры плён: калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым. Дарагія! Гэтае Евангельскае павучэнне, Езус сёння скіроўвае да нас. Ён хоча каб мы, якія лічым сябе людзьмі веруючымі, клапаціліся аб тым, каб нашая вера была жывой. Такой жывой і дынамічнай, якой яна была ў доме сотніка, з сённяшняга Евангелля.
Калі прыглядзецца да нашага жыцця ў веры, то ёсць шмат людзей, якія ў чымсьці падобныя да сотніка, а менавіта падобныя да яго ў тым, што не прыходзяць, на асабістую сустрэчу з Езусам. Толькі, даражэнькія, існуе тут адно вельмі істотнае адрозненне, мы вельмі часта не прыходзім да касцёла на нядзельную сустрэчу з Хрыстом, бо здараецца занятыя чымсьці вельмі важным, а бывае проста нічым не занятыя, але нам не хочацца ісці, так бывае сабе думаем кожную нядзелю амаль адно і тое ж, можа толькі казанне іншае, а так гэтыя спатканні амаль нічым не адрозніваюцца.
А гэтымі пасланцамі у нашых сем’ях часта становяцца жонкі, або дзеці, рэдка, але здараецца, што мужчыны. А зараз давайце прыгледзімся асобе тога чалавека сотніка, які асабіста не прыйшоў да Езуса. Чаму ён не прыйшоў? Евангеліст Лука выразна адзначыў, што той чалаек не палічыў сябе вартым, каб асабіста турбаваць Настаўніка, няварты нават таго, каб Езус увайшоў у ягоны дом.
Звярніце ўвагу – гэта быў не просты бядняк, не звычайны сялянін, але рымскі цэнтурыён, найвышэйшае ваеннае званне, якое мог атрымаць звычайны радавы жаўнер. Праца сотнікаў была вельмі адказнай, таму што яны кіравалі атрадам жаўнераў і сачылі за парадкам і дысцыплінай, як сярод сябе ў сваіх радах, так і ў грамадстве. Іх можна лічыць і вайскоўцамі, і міліцыяй адначасова. Дарэчы Святое Пісанне паказвае вельмі шмат веруючых сотнікаў. Пераважна гэта былі мудрыя людзі, якія шмат чаго пабачылі ў сваім жыцці, сэрцы якіх былі адкрытыя на дзейнасць Духа святога.
І сённяшнае Евангелле распавядае менавіта аб такім чалавеку. Яго вера была моцнай, таму што ён паставіў на першае месца не сваё высокае званне, не свой статус у грамадстве, не свой генеральскі аўтарытэт, але асобу Езуса. Напэўна хадзілі чуткі пра Езуса і сотнік шмат пра Яго чуў, можа нават быў сам сведкам якога цуду, перад тым як захварэў ягоны слуга, у кожным выпадку гэты чалавек скараецца перад Настаўнікам, адчувае сябе нявартым і шчыра моліцца аб выздараўленні хворага.
Вось такой у практыцы павінна быць нашая вера, дарагія браты і сёстры. Каб мы не зважаючы на сябе, цалкам даверыліся Езусу Хрысту. І няважна якая ў нас адукацыя, якое званне, якія жыццёвыя дасягненні, самае галоўнае – гэта сэрца. Дзякуючы сэрцу мы здольныя любіць, прабачаць, аказваць міласэрнасць і самае галоўнае верыць і падпарадкоўваць сябе Божай волі.
Ведаеце, падчас кожнай святой Імшы мы паўтараем словы сотніка: Вось Баранак Божы, вось Той, хто бярэ на сябе грахі свету і мы з вераю як некалі сотнік адказваем: Пане я няварты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова і будзе аздароўлена душа мая. Калі суаднясем сённяшняе Евангелля да свайго жыцця, то ў веры мы імкнемся быць падобнымі да тога сотніка і просім Хрыста, каб сваёю ласкай Ён аздаравіў нашую душу, якая так часта хварэе.
Умілаваныя браты і сёстры! Няхай прыклад з сённяшняга Евангелля ўзмоцніць нашае жаданне запрасіць Хрыста ў сваё жыццё. Калі мы сябе адчуем нявартымі ў Божых вачах, то гэтым самым зробім магчымым, каб Езус Хрыстус увайшоў да нашага сэрца і ўдзяліў нам патрэбнага даўгачаканага аздараўлення. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment