Гамілія на Х ЗН, год С

«Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ.»

Дарагія браты і сёстры!

Калі глядзім на сённяшняе Евангелле, у кантэксце першага чытання з кнігі Валадарстваў, то лепш разумеем, чаму многія людзі лічылі Еуса прарокам Іллёй. Пямятаеце той момант з Евангелля паводле Марка: калі Езус, крочачы да Цэзарэі Філіпавай пытае сваіх вучняў, кім лічаць Яго людзі. На што Яму вучні адказваюць — адныя лічаць Цябе Янам Хрысціцелем, другія Іллёю, іншыя — адным з прарокаў...

Езус вяртае жыццё адзінаму сыну ўдавы. Гэты цуд павінен быў выклікаць вялікі рэзананс сярод тых людзей, якія сталі сведкамі гэтай падзеі, а іх напэўна было нямала. З аднаго боку за Езусам ішоў вялікі натоўп і пахавальная працэсія таксама налічвала нямалую колькасць людзей. Пасля таго як Езус прамовіў: «Хлопча, кажу табе, устань.» памерлы вярнуўся да жыцця: сеў і пачаў гаварыць. І, як далей піша евангеліст Лука: «Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ.»

Чаму народ ўсклікае: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас!» Прарока Іллю лічылі «Вялікім прарокам». Сённяшняе першае чытанне тлумачыць нам чаму Езуса пачалі назваць прарокам Іллёй. У жыцці гэтага прарока была падобная гісторыя. 

Калі на Ізраэльскую зямлю прыйшла засуха, то Ілля пэўны час прабываў ў доме ўдавы ў Сарэпце Сідонскай, аднойчы здарылася так, што сын гэтай ўдавы цяжка захварэў і памёр, жанчына, якая перажывала трагедыю, была амаль апанавана роспаччу, з якой яна ўсклікала да Іллі, быццам ён, чалавек праведны, Божы чалавек, як называе яго кніга Валадарстваў, быў прычынай смерці яе сына: «Што табе да мяне, чалавек Божы? Ты прыйшоў да мяне нагадаць пра беззаконне маё і забіць майго сына.»

Ілля спачуваючы гэтай беднай жанчыне, моліцца да Бога, просячы аб тым, каб вярнуць жыццё гэтаму хлопцу: «Пане, Божа мой, няхай вернецца душа хлопца гэтага да яго.» І хлопец ажыў. Здзіўленню і радасці маці не было канца: «Вось цяпер я пазнала, што ты чалавек Божы, і што праўдзівае слова Пана ў вуснах тваіх.»

Дарагія! Як жа падобныя гэтыя дзве гісторыі. Вяртаючыся да Евангельскай сцэны бачым, чаму натоўп рэагаваў менавіта такім чынам, і што, або Каго людзі маглі ўбачыць у гэтым цудзе Езуса. Дзейнасць сапраўднага прарока. Натоўп людзей, які бачыў цуд, добра ведаў гісторыю і жыццё прарока Іллі і таму іх ахапіў страх. Яны ўбачылі Божую моц, людзі адчулі блізкую прысутнасць самога Бога. Законы прыроды становяцца паслухмянымі Езусу, як таксама жыццё і смерць. І гэта не фокус, не шарлатанства, не спрыт рук, але сіла Божага слова. Гэта цуд які памножыў веру ў Божую моц і ў прароцкую місію Езуса Хрыста. 

Зрэшты, да гэтай місіі пакліканы мы з вамі, якія вызнаем веру ў Езуса Хрыста. Праз Сакрамэнт Хросту мы з'ядняныя з Езусам Хрыстом і ўдзельнічаем у Яго прароцкай паслузе. Прароцкая або Настаўніцкая паслуга — гэта нашае агульнае заданне. Давайце прыгадаем словы Езуса Хрыста, якія занатаваў Евангеліст Марк: «Ідзіце на ўвесь свет і абвяшчайце Евангелле».

Вось гэта, наша прароцкая місія сёння, дарагія браты і сёстры. Гэты цуд, які Езус здзейсніў, уваскрашаючы сына ўдавы, Ён не проста так яго здзейсніў. Гэты цуд для нас. Каб мы ніколі не гублялі адвагі, выконваючы наказ Езуса Хрыста. Для тагачасных людзей гэты цуд быў патрэбны, каб яны ўбачылі ў Езусе падабенства прарока, канкрэтна прарока Іллі. Для нас жа гэты евангельскі сюжэт, нагадвае аб прароцкай місіі Хрыста ў якой мы ўдзельнічаем. Свет апанаваны хваробай бязвер'я і жорсткасцю сэрца і нам, як паслядоўнікам Хрыста, належыць аздараўляць гэты свет, вяртаць яго да жыцця. А гэта можна здзейсніць толькі Божай моцай, так як гэта чыніць Езус. Абвяшчэнне Евангелля аднаўляе касцёльную супольнасць і супольнасць усяго свету. 

Нам трэба быць сапраўднай соллю свету, якая дае смак вечнага жыцця, нараджае і ўмацоўвае веру. Мы вучні Хрыста будуем Касцёл і развіваем Божае Валадарства на гэтай зямлі, таму сваім уласным прыкладам і словам нам належыць умацоўваць веру і любоў як у нас саміх так і ў нашых бліжніх. Нам трэба стаць жывым знакам таго, што мы створаныя Богам з любові да жыцця. Гэта нашая прароцкая місія. Калі мы ўсведамляем, які вялікі дар атрымалі ад Хрыста, то цудоўна ведаем якую адказнасць нясем за гэты дар і як нам трэба аб ім клапаціцца. Натоўпы, якіх агарнуў страх на здзейснены Езусам цуд уваскрашэння, усклікалі са здзіўленнем: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ.» 

Умілаваныя браты і сёстры! Удзельнічаючы ў прароцкай місіі Хрыста сёння, нам напэўна хочацца, каб сучасны чалавек, які магчыма далёкі ад Касцёла, усклікнуў так як натоўп з сённяшняга Евангелля, і нам здаецца, што для гэтага таксама патрэбна здзейсніць цуд уваскрашэння. Магчыма, але ёсць іншы варыянт, які падзейнічае не горш. Калі мы, веруючыя хрысціяне, станем у гэтым свеце бачным знакам жывога Бога, то свет са здзіўленнем паўторыць за сённяшнім натоўпам падобныя словы. Калі мы забываем, што мы вучні Езуса, калі практыка нашай веры ідзе ў заняпад, то нам самім патрэбнае Хрыстовае аздараўленне. Езус гатовы нас аздаравіць, прывесці ў пачуцці, вярнуць да жыцця. А мы гатовыя прыняць гэта? Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В