Гамілія на ХІІ ЗН, год С

«У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і жыхароў Ерузалема, каб абмыць грэх і нячыстасць.»

Дараія браты і сёстры!

Перш, чым мы пастараемся адказаць на важнае, пастаўленае сёння Езусам у Евангеллі пытанне, паспрабуем паразважаць, задаючы сабе пытанне: якімі мы бачым саміх сябе або кім мы сябе лічым? У гэтым нам можа выдатна дапамагчы літургія сённяшняга Божага слова.

Магчыма на пачатку нам будзе складана адназначна даць сабе ацэнку. Звычайна мы імкнемся быць паспяховымі ў жыцці і гэта не дзіўна. Спачатку носім у сабе планы, і вось прыходзіць час, калі гэтыя планы пара рэалізоўваць. Пачатак дарослага жыцця – гэта сваеасаблівая інаўгурацыя нашых планаў і перспектываў. 

Перад намі адчыняецца велізарны свет з яго новымі плынямі, высокімі тэхналогіямі, сучаснымі патрабаваннямі і стандартамі. Гэта сваеасаблівы выклік для нас, а таксама для рэалізацыі нашых планаў. І мы становімся: бізнэсмэнамі, інжынерамі, медыкамі, праграмістамі, настаўнікамі, авіаканструктарамі, касманаўтамі і г.д. Ва ўсім гэтым мностве прафесійных накірункаў галоўнае не згубіць адзін, а менавіта важна і надалей застацца добрым і сумленным чалавекам.

Вядомая справа, што свет мяняецца і гэтым самым мае вялікі ўплыў на нас. Можам заўважыць, што на працягу гісторыі ў розныя эпохі пераважалі розныя вартасці. Адзін перыяд характарызаваўся больш кансерватыўнымі поглядамі, іншы – больш ліберальнымі, потым гісторыя змянялася. А ёсць вартасці, якія не мяняюцца ўжо больш чым дзве тысячы год. Іх нам адкрывае Езус Хрыстус. 

Жыццё паводле Евангелля – асноўная непрамінальная вартасць для веруючага чалавека. Любіць Бога і бліжняга, сумленна выконваць Божыя Запаведзі, прабачаць ад сэрца, быць міласэрным, імкнуцца стаць сапраўдным прыяцелем Езуса Хрыста – вось гэтыя вартасці і стандарты, якія ажыўляюць нашае жыццё і, дзякуючы якім, мы можам лепш зразумець сябе і іншых.

Сённяшняе першае чытанне з кнігі прарока Захарыі, прадвяшчае смерць Езуса Хрыста: “ І будуць галасіць па тым, каго прабілі, як галосяць па адзінародным, і будуць плакаць па ім, як плачуць па першародным.” Боганатхнёны аўтар гэтага прароцтва выразна і эмацыянальна малюе тыя падзеі, якія будуць у свой час мець месца на Галгове, дзе ўзвышаны на Крыжы Езус усклікне “Ойча ў рукі Твае аддаю Я дух Мой.” Аднак гэтая смерць стане крыніцай ласкі і апраўданнем для грэшнікаў: “Я вылью на дом Давіда і на жыхароў Ерузалема дух ласкі і малітваў, і яны будуць глядзець на Мяне…У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і жыхароў Ерузалема, каб абмыць грэх і нячыстасць.” 

Вось тут мы можам знайсці адказ кім мы ёсць самі па сабе. А з’яўляемся мы людзьмі, якія патрабуюць апраўдання, ачышчэння ад граху. Калі мы ў сваім сэрцы пазнаем гэтую праўду, усведамляем сваю слабасць і грэшнасць, то мы здольныя ўсклікнуць падобна рэфрэну з сённяшняга псальму: “Божа, Цябе прагне душа мая.” Хрыстус адкрывае перад намі звышнатуральны парадак жыцця паводле ласкі і як жа нам увайсці ў гэтае жыццё? 

Святы Павел у другім чытанні падбадзёрвае нас, кажучы, што мы паводле веры ў Езуса Хрыста з’яўляемся Божымі сынамі і дочкамі. Таксама ўсе мы, якія прынялі Хрост, апрануліся ў Езуса Хрыста. Гэта значыць, што ад моманту Хросту мы пакліканы да таго, каб жывучы ў веры, быць падобнымі да Езуса Хрыста. Згадзіцеся, нялёгкае заданне, вельмі адказнае, і годнае таго, каб мы яго выконвалі. У Езусе Хрысце мы ствараем адзінства: “Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе.”

У святле Божага слова нам лягчэй адказаць на пытанне кім мы сябе лічым. Адказ нам даў святы Апостал Павел: дзякуючы Божай ласцы мы з’яўляемся Божымі дзецьмі. Калі мы жывем сапраўднымі хрысціянскімі каштоўнасцямі, то разам з Хрыстом падчас сваёй малітвы можам усклікаць Абба Ойча. Езус, які памёр на крыжы, уваскрос і даў нам Свайго Духа Святога, паказвае кім Ён нас лічыць. Хрыстус нас запрашае да еднасці, дае нам сапраўдны супакой сэрца і духа, супакой якога нам свет не ў стане даць. І калі мы прымаем гэтую ласку,то чэрпаем з Яго крыніцы, каб ачысціць сябе ад граху і нячыстасці і праз гэта атрымоўваем Божае благаслаўленне і задатак вечнага жыцця, да якога нас кліча Бог. 

Дарагія! Кім жа мы лічым сябе? Калі мы ў стане адказаць на гэтае пытанне, то без асаблівых цяжкасцяў адкажам на Хрыстовае пытанне: “А вы кім лічыце Мяне?”

Пётр, павучаны ласкаю нябеснага Айца, ад імя Касцёла дае адказ: “Ты – Месія Божы”. Па-іншаму Ты - Божы Сын, Збавіцель, аб якім казалі прарокі. Ты- той ратунак, якога чалавецтва так доўга чакала. Гэта быў адказ Пятра, пасля якога Езус прадстаўляе кароценькую праграму павучальнага характару, як Яго наследваць у сваім жыцці: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той ўратуе яго.”

Умілаваныя браты і сёстры! Уласціва зразумець вышэйузгаданыя словы Хрыста можа той, хто правільна адкажа на тое ж пытанне, якое Ён паставіў сваім апосталам, а разам з імі і нам сёння. Калі мы ў сваім сэрцы ўсвядомім кім мы з’яўляемся, і Каго мы патрабуем, каб па-сапраўднаму жыць, то усё нашае жыццё стане адным працяглым адказам: Хто для нас з’яўляецца Езус Хрыстус. Калі мы гэта зразумелі, то без асаблівых цяжкасцяў захочам пайсці за Езусам, адракаючыся саміх сябе і ўскладаючы на свае плечы крыж нашай штодзённасці. Няхай сённяшні заклік Хрыста, дапаможа нам лепш зразумець сябе, таксама тых, хто з намі побач і набрацца адвагі ў вызнаванні Хрыста ўсім нашым жыццём. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В