Гамілія на ХІ ЗН, год С
“Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом,- піша апостал Павел - і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус.”
Дарагія браты і сёстры!
Калі мы ўважліва паназіраем над навакольным светам, то нас можа ўразіць тая прыгажосць і парадак, якія прадстаўляюцца нашай увазе. Наколькі ў прыродзе можа быць усё арганізавана і наладжана. Дастаткова прайсціся на шпацыр напрыклад у лес, ці пабыць на беразе возера і у цішыні паназіраць над яго спакойнымі хвалямі. Вельмі часта мы самі знаходзім парадак і гармонію у сабе, калі чэрпаем гэта з прыроды, якая нас акружае. У нейкім сэнсе такога роду прыязнасць з наваколлем можа нас зрабіць лепшымі, дабрэйшымі.
Аднак у жыцці мы ўсцяж адчуваем уласныя абмежаванні, у рознай сферы нашай чалавечай дзейнасці і жыцця. Мітусня і заклапочанасць штодзённасцю перашкаджае нам свабодна дыхаць. У паасобных выпадках мы адчуваем сябе бяссльнымі, няздольнымі ні на што. Багацце гэтых перажыванняў у нашым жыцці напэўна пакідае нейкі адбітак на нас. Яно нас фарміруе, закаляе, робіць больш сталымі. Мы пачынаем лепш разумець жыццё, асабліва, калі стараемся ў ім чамусьці навучыцца.
Але, нягледзячы на усю гэтую прыгажосць і парадак, свет, як і наша чалавечая натура нажаль не пазбаўлены зла інедасканаласці. Мы у жыцці перыядычна робім розныя памылкі, і хоць імкнемся выбіраць дабро і пазбягаць зла, бывае, што ў нашым жыцці атрымоўваецца ўсё наадварот. Святое Пісанне як Стары так і Новы Запавет, вельмі добра нам тлумачыць гэтую праўду. Калі мы чытаем Біблію, то можам у ёй заўважыць увесь драматызм чалавека, а у ім проста ўбачыць саміх сябе.
Вось давайце прыгледзімся сённяшняму Божаму слову. Першае чытанне распавядае пра грэшны чын Давіда. Заўважце, даражэнькія, Давід быў царом у Ізраэлі, славутым, выдатным, паспяховым нават справядлівым чалавекам, але з ім здарылася непрыемная гісторыя. Аднойчы, закахаўшыся ў жонку аднаго са сваіх войнаў, ён робіць двайное зло: чужалоства і забойства. Вось вам і людская справядлівасць самога цара ізраэльскага народу. Таму прарок Натан, які прыходзіць да Давіда скіроўвае да яго Божае слова, папракаючы Давіда ў яго граху: “Я намасціў цябе каралём Ізраэля і ўратаваў цябе ад рукі Саўла, і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на ўлонне тваё, і даў табе дом Ізраэля і Юды, і, калі б гэтага было мала, дадаў бы табе нашмат больш. Дык навошта пагардзіў ты словам Пана, зрабіўшы дрэннае перад вачыма Ягонымі?”
Так ужо ёсць, што адно зло параджае другое і дзейнічае накшталт ланцужковай рэакцыі, так як даміно: паставіш у радок, парушыш адну костку, як за ёй усе астатнія пачнуць валіцца па чарзе. Праехаў у населенным пункце замест патрэбных 40 на гадзіну 90 і адправіў на той свет двух студэнтак, вось табе і зло, якое вынікае нават з уласнага глупства.
Зрэшты у сваім жыцці мы дасвядчаем безліч сітуацый у якіх пераважае нас людская слабасць і грэх. Канешне гэта вельмі складана і балюча, бо звычайна мы закранаем не толькі сябе, але і людзей якія побач. Мы не толькі сабе шкодзім, а бывае нават так, што ад нашага граху больш церпяць іншыя, чым мы самі. Вось паглядзіце на Давіда, мала таго, што ён зграшыў з жанчынай, дык яшчэ вырашыў пазбавіць жыцця яе мужа. А ўчыніў гэта вельмі перфідна. Злаўжываючы сваім паўнамоцтвам Давід загадаў свайму ваеначальніку, каб той паставіў Урыю там, дзе змагаліся самыя моцныя жаўнеры непрыяцеля, каб пасля адступіць дзеля таго, каб гэты адданы Давіду чалавек, загінуў ад меча аманітаў. Вось так дзейнічае грэх: калі чалавек сваечасова не апануецца, то будзе трапляць і надалей у разнастайныя пасткі граху, становячыся яго нявольнікам.
Дарагія! Як жа нам пераадолець гэтую складаную сітуацыю? Як нам перамагчы саміх сябе? Святы Павел у другім чытанні піша: “Мы паверылі ў Хрыста Езуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста… А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне.”
Вера ў Езуса Хрыста дае нам апраўданне, толькі заўважце, вера не апраўдвае нашае зло і грахі, нельга пад вераю хаваць свае слабасці – гэта неправільна, ды іх пад “вераю” не схаваеш. Хрыстовае апраўданне вызваляе нас ад граху, дазваляе нам усвядоміць тое зло, якое чыніць грэх і надзяляе нас патрэбнымі сіламі ў змаганні з грахом. Дзякуючы нашай сапраўднай веры, мы можам быць апраўданымі. Калі мы шкадуем за учыненыя грахі і імкнемся атрымаць Божае прабачэнне, то, дзякуючы Божай ласцы, мы здольныя перажыць сапраўднае навяртанне. Так як яго перажывала жанчына з сённяшняга Евангелля.
Лука Еангеліст узгадвае кім была гэтая жанчына, а была яна, як піша, грэшніцай у горадзе. І вось, калі яна даведалася, што Езус знаходзіцца непадалёк, у доме аднаго фарысея па імені Сымон, яна рашаецца прыйсці да Езуса: але прыходзіць не з пустымі рукамі. З сабою яна ўзяла духмянасці, каб намасціць ногі Настаўніка.
Калі яна наблізілася да Езуса, то не змагла стрымаць слёз, яна добра зразумела кім з’яўляецца ў Божых вачах, і як яна знічшыла гэтую жаночую годнасць, здзяйсняючы цяжкія грахі. Дзякуючы скрусе, якую яна перажывала, жанчына тая пажадала змяніць сваё жыццё. Раз і назаўсёды. Тое, што яна плачучы, пачала абліваць ногі Езуса слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем, не было выключна знешнім жэстам, узорна-паказальнага характару. Скрушанае сэрца гэтай жанчыны нарадзіла веру і канчаткова стала для яе ратункам. Сам Езус ёй скажа: “Даруюцца табе грахі. Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі.”
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Нам, так як і гэтай жанчыне, гераіні сённяшняга Евангелля, патрэбная моцная вера, каб супрацьстаяць спакусам да граху. Гэтая ж вера дапаможа нам яшчэ больш захапляцца навакольнай прыгажосцю, бо аўтар яе сам Бог. А Ён прагне, каб спакой і гармонія былі ў нашым жыцці і ў нас саміх. Не думайце, што мы няздольныя змяніць свет. Мы яго змяняем, толькі спачатку гэтыя перамены павінны закрануць нас саміх. Езус нас кліча да навяртання, даруючы нам грахі і даючы нам сапраўдны спакой. Давайце ж пастараемся выкарыстаць кожную магчымасць, якую нам дае Бог, каб не палохацца жыццёвых выклікаў, але з адвагаю крочыць па жыцці ведаючы, што побач з намі Той, хто даканца нас палюбіў. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія Слова

Comments
Post a Comment