Гамілія на XVI ЗН, год С

«Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе.»


Дарагія браты і сёстры!


Сённяшняя літургія Божага слова паказвае нам два сюжэты, у якіх мы можам убачыць гасціннасць і клопат чалавека. Нездарама старажытная прымаўка кажа госць у дом - Бог у дом.

Першае чытанне з кнігі Быцця нам распавядае гісторыю пра Абрагама, шацёр якога наведалі тры таямнічыя асобы. Гэты біблійны аповед з кнігі быцця вельмі добра паказвае гасціннасць людзей Блізкага Усходу, у канкрэтным выпадку гасціннасць Абрагама. 

Ён, які сядзеў каля дубоў Мамрэ, пры ўваходзе ў шацёр, заўважыў трох мужоў, якія да яго падыходзілі і, калі ён іх убачыў, то пакланіўшыся да зямлі, запрапанаваў ім адпачынак і пачастунак: «Пане, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, не абмінай свайго слугі. Прынясу крыху вады, і вы абмыйце свае ногі, і адпачніце пад гэтым дрэвам. Я ж прынясу трохі хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя, а потым пойдзеце, бо дзеля гэтага праходзіце каля слугі вашага.» 

Дарагія, паглядзіце, раней Абрагам іх не сустракаў, гэта былі асобы, якіх ён бачыў першы раз і, нягледзячы на гэта, абыходзіцца з імі як са сваімі дамаўнікамі, нават лепш, бо называе іх Пане. Бачым тую заклапочанасць у паслузе для гасцей як з боку Абрагама, так і з боку яго жонкі Сары: «Хутчэй замясі тры саты лепшай мукі і зрабі ляпёшкі.» Затым Абрагам загадаў слузе, каб той прыгатаваў адкормленае цяля, каб ім пачаставаць гасцей. Як бачым Абрагаму і Сары не шкада было часу, каб яго прысвяціць на падрыхтоўку пачастунку, а потым на размову з гасцямі. Вельмі добры прыклад, каб і нам з вамі вучыцца гасціннасці.

Другі сюжэт, які таксама апавядае пра гасціннасць, мы сёння пачулі ў Евангеллі. Апрача гасціннасці там ёсць яшчэ адна справа, якую я зараз асвятлю. Езус прыходзіць у дом да сваіх знаёмых: Лазара, Марты і Марыі. І як чуем, Марта у гэты час была занятая многімі паслугамі. Напэўна яна рыхтавала пачастунак, шмат працы назбіралася, і ёй прыходзіляся вярцецца нібы юла. Канешне добра было б, каб ёй дапамагла яе сястра, якая ў той момант з захапленнем слухала словы Езуса. Можам сабе ўявіць рэакцыю Марты, калі паставім сябе на яе месца: тут шаноўныя госці, сабралася мора працы, а сястра склала рукі і сядзіць… Нічога дзіўнага, што Марта пачала скардзіцца Езусу на малодшую сястру: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне.»

І што тут скажаш. Езус мог бы далікатна намекнуць Марыі, каб тая узялася за працу, аднак Ён кажа штосьці іншае: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе.» 

Цікавыя словы Езус кажа. Калі глыбей над імі паразважаем, то пераканаемся у тым, што Езус не заклікае да бяздзейнасці, але тлумачыць як належыць прымаць такога госця як Ён. Зусім не значыць, што клопат не патрэбны. Не пра гэта гаворка. Празмерны клопат можа нас аддаліць ад іншага чалавека. Празмерная заклапочанасць і праца могуць стаць для нас нагодай, каб лішні раз не бачыцца або менш быць разам з іншым чалавекам. Мы занятыя сваімі справамі і як бы клапоцімся пра дабрабыт, але забываем адну рэч, якую нам сёння ўзгадвае Езус: клапоцімся пра многае, а патрэбна толькі адно. 

Бывае так, мае дарагія, не наш клопат патрэбны іншаму чалавеку, не нашая услужлівасць, але нашая асоба. Часта бывае так, што патрэбная для іншага чалавека не столькі нашая праца, колькі мы самі, нашая прысутнасць, нашае слова, нашая усмешка, нашае сяброўства. Вось аб гэтым сёння кажа Езус Марце і нам з вамі. Каб нашыя абавязкі, шматлікі клопат і ўсялякага роду праца не ізалявалі нас ад самых блізкіх. Каб мы ўмелі даваць сябе наўзаем, умелі прысвяціць час для сваіх родных і блізкіх, для сваёй сям’і. Гасціннасць — гэта вельмі добрая якасць, у якой напэўна кожнаму з нас трэба дасканаліцца, аднак будучы гасцінным варта прысвячаць час для іншага чалавека.

Дарагія браты і сёстры. Мы з вамі жывем у эпоху у якой нам заўсёды не хапае часу. Раней здавалася, калі чалавек не быў на столькі цывілізаваны, як мы з вамі сёння, то і часу у яго на ўсё хапала. Ну а мы пакутуем ад хранічнага дыфіцыту часу. Яшчэ часта кажуць, што час — гэта грошы і затрачаны час каштуе. Аднак Езус кажа нам штосьці іншае: нягледзячы на эвалюцыю ў нашай культуры, навуцы, тэхніцы, усіх сферах нашага жыцця, ніколі мы не заменім жывой прысутнасці, размовы з блізкімі і сябрамі, быццё з імі, уменне для іх быць ветлівым, гасцінным і шчырым, уменне дзяліцца сваёй радасцю, сумам, дабротамі, нельга гэтага замяняць псеўдакаштоўнасцямі, шуканнем выгады, матэрыяльнага ўзбагачэння. Ахвярнае служэнне іншым хоць і не прыносіць бачнай карысці, аднак гэтая карысць ёсць. Вось паглядзіце Абрагам і Сара, не шкадуючы часу і сілы падзяліліся з іншымі сваёй гасціннасцю, і не спадзяючыся штосьці атрымаць узамен, атрымалі самае для іх дарагое — патомка-сына, якога назвалі Ісаакам. Марта і Марыя, якія чынна і сузіральна аказалі ветлівасць і гасціннасць Езусу, таксама не пазбавіліся ўзнагароды часовай. Славу свайго Айца Езус аб’явіў на памерлым Лазары, якога Ён ўваскрасіў у прысутнасці шматлікіх юдэяў.

Умілаваныя! Будзьма ж і мы ахвярнымі і гасціннымі, бо гэта прыемна Богу. Ёсць час, калі нам трэба клапаціцца і турбавацца пра сябе пра іншых, але у гэтым клопаце важна не забыць галоўнага, каб на ўзор Марыі выбраць лепшую частку, якая ў нас не адымецца. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В