Гамілія на ХХ ЗН, год С
«Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся.»
Дарагія браты і сёстры!
Евангелле, якое мы з вамі толькі што пачулі, правакуе, каб мы паставілі сабе такое пытанне: чаму Езус кажа пра раздзяленне, калі Ён у сваёй навуцы абвяшчае супакой і згоду? Чаму Ён кажа: «Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне.» А на іншым месцы мы чуем: «Супакой пакідаю вам, супакой мой даю вам.» Дык што тады дае Хрыстус: супакой ці раздзяленне?
Каб зразумець словы Езуса з сённяшняга Евангелля, варта паглядзець кожнаму з нас на нашыя адносіны да веры. Бо ключ да зразумення гэтых словаў знаходзіцца ў іншым выказванні Езуса, якое мы таксама сёння пачулі, а менавіта: «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся.»
Мае дарагія, давайце падумаем як мы клапоцімся пра развіццё нашай веры і ці сапраўдная яна ў нас? Калі яна сапраўдная, гэта значыць, што ў маім сэрцы яна яна ажыўляецца. Па-іншаму калі я практыкую сваю веру, то гэта ў сваю чаргу рабіць яе жывой і дзейснай. Вядома, што дрэва пазнаецца па пладах- таксама і вера па яе выніках.
Калі мы жывем і дзейнічаем у сваім жыцці паводле веры, то нашыя паводзіны і ўчынкі, якія з яе вынікаюць не будуць абмяжоўвацца толькі нашай прысутнасцю і паводзінамі ў касцёле, але нашай верай будзе прасякнута ўсё нашае жыццё.
Тое, што прамаўляе Езус у Божым Слове не застанецца толькі ў межах сценаў касцёла, але мы спачатку прымем навуку Езуса ў свае сэрцы, а затым занясем агонь гэтай веры у свае сем’і, у сваё асяроддзе: бо, каб любіць Бога і бліжняга, належыць не толькі быць ў касцёле падчас св. Імшы ці набажэнстваў, але гэтая любоў павінна быць перанесена на плоскасць нашага бытавога жыцця: у сям’і, на працы, у школе, у адносінах з іншымі людзьмі.Гэта той агонь веры і любові, пра які сёння кажа Езус: «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся.»
Умілаваныя ў Хрысце! Мы не павінны быць пасіўнымі веруючымі і чакаць нябеснай манны. Нам трэба дзейнічаць, нам трэба пастаянна рабіць выбар, у глыбіні сэрца кажучы вось я, Пане, слуга твой… няхай станецца Твая воля ў маім жыцці… Аднак гэтую згоду з Божай воляй нам трэба падцвердзіць канкрэтнымі чынамі, каб наша вера была сапраўднай і моцнай. Не хопіць адной толькі дэкларацыі веры пасля Евангелля ці казання, трэба каб пра яе сведчылі і нашыя ўчынкі.
Вельмі часта здараецца так, што веруючы чалавек дзейнічае па пэўнай схеме, якую здзяйсняе амаль аўтаматычна, бывае так, што ён нават і не задумваецца: ідзе да касцёла бо ўсе ідуць, і так па чарзе атрымоўваецца ў жыцці: Хрост, Першая Камунія, шлюб, пахаванне, Пастэрка, каляда, Папялец, Вялікдзень і зноў амаль ўсё паўтараецца. І мы часта не задумваемся над тым у чым удзельнічаем. Як вынік гэтага атрымоўваецца, што сапраўднага развіцця веры амаль няма. Гэтае развіццё ў пэўны момант затрымалася на нейкім адным узроўні і ўсё, далей узросту няма, ёсць нейкае замкнёнае кола і добра, калі наогул не адбываецца дэградацыі веры.
Паглядзіце дарагія браты і сёстры! Мы лёгка перадаем людзям знак супакою праз тое, што працягваем ім руку, гэта прыгожы жэст, але вяртаючыся ў рэаліі свайго жыцця, мы не заўсёды можам гэты знак супакою перадаць нашым родным ці тым, хто з намі побач. Здаецца і ёсць у нас гэты Хрыстовы супакой, але бывае мы не гатовыя каб ім падзяліцца. Ёсць над чым задумацца, бо гэта сведчыць аб тым, што нас яшчэ чакае вельмі шмат працы над сабою, над удасканальваннем нашай веры, а разам з ёй і любові ў адносінах да Бога і да чалавека.
У чым заключаецца раздзяленне пра якое кажа сёння Езус? Мы жывем у свеце, які па сваёй сутнасці хутка развіваецца, імкнучыся наперад, але мае напрамак крыху іншы, чым той, які нам паказвае Езус Хрыстус. Такое хуткае развіццё чамусці аддаляе нас ад сапраўдных хрысціянскіх катоўнасцяў. Зло, якое існуе ў свеце, вельмі часта апранае маску дабра, каб лягчэй нас адвесці ад праўды. Грэх у сённяшнім свеце вельмі добра маскіруецца, каб зацерці межы дабра і зла, праз што чалавек паволі трапляе на іншы шлях, які не ёсць шляхам збаўлення, але вельмі часта шляхам пагібелі. Такая сумная праўда рэаліяў гэтага свету.
Мы вельмі хутка прывыкаем да выгодаў, якія нам сённяшні свет прапануе. Без некаторых нам зараз нават цяжка ўявіць нармальнае функцыянаванне у сваім жыцці. Бо мы з імі зжыліся. Напрыклад паспрабуйце са свайго жыцця выкрэсліць мабільную сувязь і ўсе гаджэты з ёй звязаныя. Як нязручна мы сябе тады адчуем. А колькі іншага існуе, што робіць з нас цывілізацыйнае грамадства сучаснасці. Аднак калі мы зачароўваемся ва ўсіх гэтых выгодах, калі пачынаем іх ставіць на першае месца, то яны нас зманліва адводзяць евангельскага стылю жыцця. І ў той момант, калі Хрыстус ставіць перад намі патрабаванні веры, то ў нутры нас адбываецца пэўнае раздзяленне: з аднаго боку нам падабаецца датыхчасовы стыль жыцця, да якога мы прывыклі, з другога трэба шмат ад чаго адмовіцца: перадусім ад таго, што па сваёй сутнасці не з’яўляецца дабром для нас, а значыць прыносіць нам шкоду. І што ў такім выпадку належыць рабіць? Як бы не было складана, але трэба змяніць стыль жыцця. А гэта нялёгкая справа, бо нельга пайсці на кампраміс са злом, калі ты абіраеш шлях веры.
Даражэнькія! Нам трэба здзейсніць выбар: ці выконваць ўсе запаведзі, ці толькі тыя, што нам лёгка даюцца да выканання, або якія нам лепш падабаюцца; ці дзяліцца нейкімі дабротамі з патрабуючым чалавекам ці мэтанакіравана збіраць гэтыя даброты у сваю скарбонку, ніколі ні з кім не дзелячыся. Гэтыя і падобныя выбары нас вельмі часта у глыбіні душы раздзяляюць. Але калі мы зробім правільны выбар у той час адчуем у сэрцы супакой і згоду. “Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядзе на згубу…а якая ж цесная брама і вузкая дарога, што вядзе да жыцця…”
Хрыстус прыносіць праўду збаўлення, якая ад нас чагосьці патрабуе. І каб верна выконваць наказы і пастановы Пана, кожнаму з нас патрэбна нямала працаваць над сабою, каб праз клопат і самавырачэння, мы станавіліся падобнымі да сапраўдных хрыстовых вучняў дваццаць першага стагоддзя. Мы усведамляем, што гэта нам каштуе. І калі мы адчуваем такога роду раздзяленне, то перад намі ёсць выбар: або нічога не змяняць і весці стыль жыцця, які быў дагэтуль, або, прыняўшы Евангельскі радыкалізм, гэты свой стыль жыцця адпаведна дапасаваць да словаў Хрыста.
Калі мы гэтых словаў не спалохаемся, калі не палянуемся зрабіць першы крок да перамены свайго жыцця, то і ў нашых сэрцах запалае сапраўдны агонь веры, які мы праз свае ўчынкі будзем падтрымоўваць усё нашае жыццё. Не палохайцеся пераменаў, не бойцеся жыццёвых выпрабаванняў. Калі яны сустрэлі Хрыста, то і нас сустрэнуць, але ўзіраючыся ў нашага Збаўцу мы верым, што разам з Ім усё гэта пераможам. Варта, у гэтай жыццёвай барацьбе ўзяць да сэрца словы з другога сённяшняга чытання: «Скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры.»
Дарагія браты і сёстры! Няхай сённяшняе Божае слова ўзмоцніць ў нашых сэрцах імкненне да дабра і міласэрнасці, дапаможа падтрымаць агонь Хрыста, які палае ў нашых сэрцах, а таксама дапаможа правільна адказаць на пытанне, пастаўленае на пачатку нашага разважання. Што Хрыстус дае ў маім жыцці: супакой ці раздзяленне? Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment