Гамілія на IV ЗН, год А
«Шукайце Пана, усе пакорныя зямлі, якія выконваеце Яго пастановы.»
Дарагія браты і сёстры!
Разважанне над нагорнай пропаведдзю Езуса, сённяшнім урыўкам з Евангелля паводле Мацвея, наводзіць на думку як у жыцці асягнуць шчасця. Напэўна гэтае пытанне кожнага з нас хвалюе. Таму што прыходзіць момант, калі мы сябе адчуваем няшчаснымі або пакінутымі. А шчасця хоча зведаць кожны.
Калісьці Езус адравсаваў сваім вучням такія словы: «Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю Вам; не як дае свет, Я вам даю.» Чуем гэтыя словы падчас кожнай святой Імшы. Што яны азначаюць? Свет няздольны нас пасапраўднаму заспакоіць. Як чуем супакой свету не такі як супакой Хрыстовы. Радасць якую дае свет вельмі адрозніваецца ад той, якую прыносіць Езус Хрыстус. Нават калі і адчуваем хвілёвую радасць, дык выдатна разумеем, што яна хвілёвая і павярхоўная. А падсвядома нам хочацца чагосьці глыбокага сапраўднага і трывалага стабільнай радасці, супакою, урэшце шчасця.
Дарагія! Свет жыве іншымі каштоўнасцямі і прапагандуе свае «вартасці». Нажаль бывае так, што гэтыя «вартасці» вельмі далёкія ад Евангельскіх, а часамі нават ім супярэчаць. У падмурках свету Бог заклаў дабро, аднак людская слабасць і схільнасць да граху спрычыніліся да таго, што гэтае дабро, якое было ў аснове свету, пачало знікаць. А свет пачаў жыць сваёй праўдай, сваімі вартасцямі.
Аднак жаданне шчасця ўпісана ў натуру кожнага чалавека. Быць шчаслівым жадае кожны з нас. У біблійным значэнні быць шчаслівым значыць атрымаць Божае благаслаўленне. Калі Бог благаслаўляе, то чалавек становіцца шчаслівым. Восем благаслаўленняў, якія мы сёння чуем у Евангеллі з’яўляюцца сваеасаблівай праграмай Езуса Хрыста, якая датычыць нашага шчасця.
Калі ў нашым жыцці ёсць месца на гэтых восем пунктаў, то мы разумеем, якім павінна быць шчасце ў нашым жыцці і мы таксама здольныя гэтае шчасце дасведчыць, стаць годнымі Божага благаслаўлення.
Магчыма кожны з нас мае сваю ўласную канцэпцыю шчасця, свае мары звязаныя з ім, свае ўяўленні шчасця. Са шчасцем па-людзку звязаны і супакой, і дабрабыт, і здароўе, і многа чаго іншага. Але давайце прыгледзімся бліжэй да праграмы Езуса, да гэтых васьмі тэзісаў шчасця:
«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.»
Калі паглядзім на шчасце ў разуменні сучаснага свету, то можам заўважыць, фактычна поўную супрацьлегласць прынцыпам Езуса Хрыста. Бачым, што гэтым благаслаўленням вельмі цяжка змясціцца ў кантэксце шчасця гэтага свету.
Свет не прымае ўбогіх духам, наадварот яго цікавяць можныя гэтага свету, магутныя, уплывовыя людзі, насычаныя ў багацце. Быць лагодным у разуменні свету таксама нямодна, трэба быць рашучым, можа нават нахальным, прадпрымальніцкім і не лічыцца з іншымі. А як могуць галодныя і тыя, хто прагнуць справядлівасці быць шчаслівымі паводле свету. Напэўна свет іх класіфікуе па-іншаму, называе іх няўдачнікамі, адносіць такіх людзей да іншай катэгорыі: да слабых і немачных і гэтак далей.
Дарагія! Евангельскія прынцыпы, хоць неверагодныя і незразумелыя для логікі свету, затое вельмі добра зразумелыя для чалавека веруючага, які сваё жыццё прагне ўчыніць падобным да жыцця Божага Сына. Менавіта ў гэтых васьмі пунктах змяшчаецца сапраўдны рэцэпт шчасця. Канешне ён няпросты, патрабуе шмат сілы духа і самавырачэння, патрабуе глыбокага разумення жыцця, як Божага дару і шанца на збаўленне да якога мы пакліканы ў Хрысце.
Калі ў сэрцы мы будзем пакорнымі і беднымі, то як кажа прарок Сафонія мы будзем шукаць Пана, мы будзем адчуваць голад Бога. «Я пакіну сярод цябе народ пакорны і бедны, і яны будуць шукаць прытулку ў імені Пана.» - чуем у першым чытанні.
Не голад па дабротах гэтага свету павінен нас непакоіць, але прагненне заспакоіць сваё сэрца дабротамі непрамінальнымі. Парадокс заключаецца ў тым, што гэтая зямная беднасць, прыніжанасць і пакора здольныя нас зрабіць па-сапраўднаму багатымі, шчаслівымі і велічнымі. Аб гэтым нам сёння кажа Езус, заахвочваючы нас да радасці, каб мы не сумавалі, сярод жыццёвых выпрабаванняў, каб не зайздросцілі тым, у каго на нашую думку жыццё лепш укладаецца, але каб карыстаючыся вось гэтымі Евангельскімі прынцыпамі, мы імкнуліся да сапраўднага шчасця. «Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.» - кажа нам сёння Езус.
Умілаваныя браты і сёстры, якая будзе з гэтага карысць, калі мы пражывем сваё жыццё, маючы фактычна ўсё, а нямаючы самага галоўнага: Божага благаслаўлення. Калі мы ў сваім жыцці дасягнулі небывалых вяршынь у самых розных сферах, а ігнаравалі іншых людзей якія патрабавалі нашай увагі ці дапамогі, якая нам карысць з гэтага? Калі мы дасведчылі ўзросту па кар’ернай лесвіцы, калі здабылі навуковыя тытулы ці высокія пасады, а пры гэтым не знайшлося месца для развіцця Евангельскіх прынцыпаў у нашым жыцці дык якія ж з нас хрысціяне?
Ведаеце, кожны чалавек пакліканы да шчасця. Бог не хоча, каб чалавек быў нешчаслівым. Таму даў нам розум сумленне і сілы дзейнічаць. Даў нам інструкцыю, поводле якой мы можам адчуць, што значыць быць шчаслівым у гэтым свеце і ў будучым жыцці. Мы — людзі веруючыя быццам індыкатары Бога ў гэтым свеце. Так як уключаеш нейкае абсталяванне загараеца індыкатар і гэта азначае, што прыбор пад токам, ён уключаны. Так і мы для іншых людзей павінны быць такім індыкатарам Бога у сучасным свеце. Каб гэтыя прынцыпы, якія дае нам Хрыстус, не сталі для нас далёкімі, але наадварот, каб мы імкнуліся імі жыць, тады і іншыя людзі, бачучы гэта, адкрыюць вялікую вартасць і каштоўнасць Хрыстовага Евангелля і разам з намі дасведчаць сапраўднага шчасця, якое даць можа толькі Бог. Шчасце трывалае і сапраўднае, якое свет, нажаль, даць няздольны. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment