Гамілія на ўрач. Спаслання Духа Святога

“Прыдзі, Дух Святы, напоўні сэрцы сваіх верных і запалі ў іх агонь сваёй любові.”

Дарагія браты і сёстры!

Сёння мы з вамі становімся сведкамі вельмі важных падзеяў у жыцці Касцёла. “Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам на адным месцы. І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны.” 

Можам сказаць, што сённяшні дзень з’яўляецца Днём нараджэння Паўсюднага Касцёла. Менавіта сёння мы з вамі перажываем знамянальную ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. 

Хрыстус запрашае нас адкрыцца на дзейнасць Духа Святога, так як гэта зрабілі Яго Апосталы і вучні. “Спакой вам! ... Прыміце Духа Святога.” Мы з вамі такія ж вучні, хоць і раздзяляе нас нямалая адлегласць часу, ад падзеяў першай Пяцідзесятніцы, першых Зялёных Святаў-як называюць гэтую ўрачыстасць у народзе. Аднак і зараз Дух Святы, які сыходзіць ад Айца і Сына, напаўняе нашыя сэрцы шматлікімі дарамі і харызмамі ў нашым хрысціянскім жыцці. 

Таму сённяшні дзень - гэта чарговы ўспамін той першай нядзелі, калі вучні збіраліся разам. Зауважце: яны трывалі разам. Не сказана ў Святым Пісанні, што вучні дзесьці ў глыбіні сэрца верылі, што Бог ёсць, і жылі кожны сабе. Такое толькі зараз можна пачуць ад некаторых людзей. Але на пачатку так не было. Апосталы і вучні былі разам у супольнасці, якая называецца Касцёлам. Яны чакалі дару ад Айца. Тое абяцанне, якое даў ім Езус перад тым, як узыйсці на неба: “Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні.” 

Мае дарагія! Менавіта ў гэтым заключаецца сэнс нашых штонядзельных спатканняў з Езусам у Эўхарыстыі. Там дзе двух або трох сабрана ў імя маё, там Я сярод іх. Сем тыдняў таму, мы радаваліся ўваскрасенню Езуса Хрыста. Гэта ўрачыстасць традыцыйна збірае найбольшую колькасць веруючых у касцёле. Але, мае дарагія, кожная нядзеля ўключае ў сабе гэтую таямніцу. Менавіта таму, кожная нядзеля на працягу года, з'яўляецца абавязковай да ўдзелу ў святой Імшы.

Кожная нядзеля, мае дарагія, гэта тое ж уваскрасенне, гэта тое ж спасланне Духа Святога, якое асаблівым чынам святкуем сёння. У літургіі кожнай нядзелі ёсць такія словы, дзякуючы якім прыходзім да высновы, што нядзеля – гэта дзень у якім Езус уваскрос і спаслаў на Апосталаў Духа Святога.

Варта кожнаму з нас усвядоміць сабе такую рэч: праз спасланне Духа Святога нам адкрываецца вялікая таямніца быту і дзейнасці Бога. І ў святле гэтага мы пазнаем, што Бог Айцец з’яўляецца аўтарам справы стварэння, Божы Сын – становіцца на чале справы адкуплення і менавіта сёння аб’яўляецца трэцяя Божая Асоба – Дух Святы, які здзяйсняе справу асвячэння чалавека, а праз яго, асвячэння ўсяго свету.

У дадатак да гэтага, яшчэ з самага пачатку існавання Касцёла ёсць разуменне двух этапаў спаслання Духа Святога. Першае спасланне - гэта той момант, калі Езус пасля свайго ўваскрасення ўваходзіць праз закрытыя дзверы да супольнасці сваіх вучняў, далікатна дзме на іх і кажа: “Вазьміце Святога Духа! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім іх затрымаеце, на тым будуць затрыманыя”. І гэта было так званым першым спасланнем Святога Духа.

Яно было спасланнем “на адпушчэнне грахоў”. І было накіравана на стварэнне новага чалавека, на ачышчэнне сэрца. Калі вобразна казаць, то першае спасленне Духа Святога спрычынялася да адновы і прыгатавання сэрца, яно нібы каштоўны посуд, які пад дзеяннем Духа, ачышчаўся і рыхтаваўся да другога спаслання, дзякуючы якому, гэты шляхетны посуд, нашыя сэрцы, маглі быць напоўненыя Духам Святым, Яго шматлікімі дарамі і ласкамі.

Уявіце сабе, што магло б стаць, калі дар Духа Святога, Яго Боская моц, Яго шматлікія багатыя харызмы ўліваліся б да сэрца адпаведна непадрыхтаванага, калі посуд чалавечага сэрца яшчэ не адноўлены? Можам сабе прадставіць і добра ведаем, што было б. А было б гэта паводле словаў Езуса: “Не ўліваецца маладое віно да старых мяхоў” Чаму? Езус тлумачыць: “бо ў такім выпадку мяхі рвуцца: віно выцякае і мяхі марнуюцца. Маладое віно належыць уліваць да новых мяхоў. Тады і адно і другое захоўваецца.” У выпадку дароў Духа Святога, справядліва сказаць, што яны і ёсць тым маладым віном, якое ўліваецца ў мяхі нашых сэрцаў. Нам патрэбныя да маладога віна новыя мяхі. 

І ў гэтым першым спасланні Езус пакідае сродкі неабходныя да адновы чалавека, адновы супольнасці. Да таго, каб стварыць і падрыхтаваць у духоўным сэнсе гэтыя новыя мяхі. І гэтыя сродкі – сакрамэнты. Першы – гэта сакрамэнт Хросту. Як кажа святое Пісанне “Хрост на адпушчэнне грахоў” і другі сакрамэнт – сакрамэнт споведзі. ”Каму адпусціце грахі – тым будуць адпушчаныя, на кім пакініце, на тым застануцца”. 

Мае дарагія, стварэнне новага чалавека, аднаўленне сэрца - гэта нішто іншае як адпушчэнне грахоў. Бо нашыя грахі і правіны спрычыняюцца да таго, што брудзіцца каштоўны посуд нашага сэрца, што нашыя так званыя мяхі становяцца старымі і дзіравымі. Але, дзякуючы Божаму прабачэнню ў сакрамэнце споведзі, мы маем магчымасць аднавіць сябе, каб нанова прыгатавацца на дары Духа Святога, па-іншаму да другога спаслання Духа Святога, як разумеў гэта першы Касцёл.

Таму для нас веруючых першае спасланне Духа Святога - гэта нашае ўласнае навяртанне, гэта прыняцце Евангельскай праўды да сэрца. А другое Ягонае спасланне – гэта ўмацаванне ў праўдзе, гэта маё жыццё і сведчанне Евангелля Хрыста. Гэта канкрэтнае заданне, якое вызначае мне Бог у маім жыцці. Гэта жыццё паводле прынцыпаў веры. Гэта атрыманне Божых дароў і выкарыстанне іх у жыцці. Як для ўласнага дабра так і для дабра супольнасці Касцёла. 

Так было ў жыцці Апосталаў. Да нядаўнага часу яны не ўсё разумелі аб Езусе, аб Богу, аб лёсе гэтага свету. Апосталы былі сведкамі шматлікіх цудаў Езуса. З Яго вуснаў яны чулі не адзін заклік да навяртання, прыгажосць навукі аб Божым Валадарстве. Яны слухалі Яго словы, бачылі тыя праўды і прынцыпы якімі жыве Езус, але не былі моцнымі ў веры. Апосталы чулі, што любоў з’яўляецца найвышэйшай вартасцю, да якой павінен імкнуцца і якой павінен жыць кожны чалавек. Але для іх гэта была толькі тэорыя. У практыцы вучням Хрыста яшчэ было далёка да гэтага узнёслага ідэалу, каб рэалізаваць самую галоўную запаведзь: любові Бога і бліжняга.

І толькі зараз, калі Дух Святы сыходзіць на Апосталаў, яны пачынаюць разумець тое, што казаў Езус, яны выходзяць у свет, каб несці Евангелле, каб абвяшчаць Божае Валадарства. Да гэтага, Апосталы былі нібы спаралізаваныя страхам і неабгрунтаванай бояззю, ім здавалася што ўвесь свет супраць іх, а яны няздольныя нешта змяніць. Але дарэмна яны так думалі. Сам Езус кажа: “Будзьце адважнымі! Я перамог свет!” І калі Святы Дух напаўняе хрыстовых вучняў, спаўняюцца словы Езуса, адносна Духа Святога: “Ён вас усяму навучыць”.

І цяпер вучні з адвагаю ў сэрцы выходзяць у свет, бачна іх унутраная перамена. “І напоўніліся ўсе Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.” Бачна, што зараз хрыстовыя вучні падрыхтаваныя да складання нават найвышэйшай ахвяры са свайго жыцця ў Імя Езуса. “Няма большай любові, калі хтосьці жыццё сваё аддае за братоў сваіх.”

Дарагія! Менавіта так выглядае дынаміка дзейнасці Духа Святога: спачатку ёсць падрыхтоўка нашых сэрцаў, калі Езус, як мы сёння чуем у Евангеллі дае нам Духа Святога і ўрэшце Ягонае прыйсце ў моцным веянні і языках полымя.

І так як было калісьці, так ёсць і цяпер: Езус звяртаецца да кожнага, кажучы: «Ідзіце па ўсёй зямлі і абвяшчайце Добрую Навіну.» А дзеля таго, каб адважна ісці ў свет, нам трэба быць так як апосталы, ўмацаванымі ў веры. Нам патрэбныя дары Духа Святога. Таму сёння сыходзіць Дух Святы таксама і на кожнага з нас, каб сваёй нябачнай моцаю дакрануцца глыбінь нашых сэрцаў.

На прыканцы нашага разважання хачу далучыць словы святога Яна Паўла ІІ: “Мерай чалавека ёсць яго сэрца. Неабсяжнае сэрца, у якім ёсць велізарная прастора для чалавека і для Бога. Але, калі гэтае сэрца закрытае, то промні ласкаў Духа Святога не могуць напоўніць яго глыбокую і вялікую прастору, Божыя ласкі сплываюць не трапляючы ўнутр сэрца.”

Дарагія браты і сёстры! Трэба і нам, у пакоры схіліць чола перад Богам, і адкрыць нашае сэрца на прыняцце Божых дароў на кожны дзень. Варта быць свядомым, той нязмернай любові, якую дае нам Бог у сваіх дарах і ласках. У кожнай нашай малітве, калі мы прымаем сакрамэнты, падчас кожнай св. Імшы, мы патрабуем Божага святла, любові, моцнай веры, мужнасці і адвагі. І сёння Дух Святы спасылае нам свае дары: мудрасць, розум, раду, мужнасць, умеласць, пабожнасць, Божую боязь. Аб гэтых і іншых дарах з пакораю трэба прасіць Духа Святога і не толькі сёння...

Калі вы з Богам, то ўсё магчыма. Не страшныя тады аніякія жыццёвыя выпрабаванні і цяжкасці. А каб паспяхова рэалізаваць нашае хрысціянскае пакліканне да святасці, належыць адкрыць сябе на дзейнасць Духа Святога, запрасіць Хрыста ў нашыя асяроддзі, сем’і, у нашыя сэрцы. І запрашайце не толькі сёння, але ўсё вашае жыццё. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В