Гамілія на ўрач. М.Б. Будслаўскай
“Радуйся дачка Сіёна! Трыумфуй Ізраэль! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца дачка Ерузалема!”
Дарагія браты і сёстры!
Сённяшняя ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай напаўняе нашыя сэрцы радасцю з нагоды прысутнасці і апекі Багародзіцы, якая для ўсіх нас з’яўляецца вобразам пакоры і прыкладам усіх цнотаў. Дастаткова прыглядзецца Яе вобразу, які знаходзіцца ў Нацыянальным Санктуарыі, каб дасведчыць цеплыні і супакою, які ад Яе сыходзіць. Мы хочам быць падобнымі да Марыі, якая нам паказвае свайго Сына, вядзе да Яго і заахвочвае, каб мы Яго любілі.
У жыцці здараюцца розныя сітуацыі. Калі нас сустракае не зусім лёгкі лёс і, калі мы губляемся на жыццёвай дарозе, не ведаючы навошта і як жыць далей, як пераступіць праз цяжкасці, то можа адбываецца гэта таму, што ў сваёй жыццёвай вандроўцы мы згубілі арыенцір або нават мэту. Калі гэты згублены арыенцір мы знойдзем, калі пастараемся прыняць і свядома дастасаваць да яго нашае жыццё, тады будзем адчуваць сябе па-іншаму, значна лепш. І гэта не проста тэорыя.
Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца пуцяводнаю зоркай на нашым жыццёвым шляху і менавіта Яна здольная нам дапамагчы ў падобных жыццёвых справах. Па-першае, таму што Яе зямны шлях не быў пазбаўлены складанага досведу і выпрабаванняў. Па-другое, таму што Яна вельмі цудоўна ведае кожнага з нас і жадае нам дапамагчы. Вось чаму кожны з нас мае вялікія шансы змяніць сваё жыццё на лепшае.
Часта здараецца, што мы самі неўласціва выкарыстоўваем сродкі і магчымасці, якія ў жыцці нам дае Бог. Вось просты банальны прыклад. Калі перавозіць будаўнічыя матэрыялы: цэмент, пясок, цэглу і іншае легкавым аўтамабілем, то можам уявіць, які выгляд гэтага аўтамабіля будзе не праз год ці два, а праз некалькі дзён такой экстрымальнай эксплуатацыі. А калі ўзяць, напрыклад, матаблок, невялікі трактар, якім мы ездзілі б па аўтамагістралі, ці не быў бы ён перашкодай для хуткага руху, які там існуе. Напэўна ва ўсім гэтым няма логікі, аднак штосьці падобнае бывае ў нашым жыцці, калі мы неадпаведна выкарыстоўваем, або занядбоўваем таленты, якія дае нам Бог, або сродкі, каб гэтае жыццё было сапраўдным.
Сённяшняя літургія Божага слова асабліва Евангелле паказвае нам мэту, да якой мы павінны імкнуцца. У асобе Панны Марыі гэтая мэта дастаткова выразна бачна. Мы можам значна лепш зразумець саміх сябе, прыняць сваю жыццёвую сітуацыю, калі разам з Марыяй у сэрцы прамовім велічае душа мая Пана. Гэты гімн адкрывае праўду аб вялікай годнасці чалавека. Чаму? Бо мы створаныя Богам, на Яго вобраз і падабентва, мы з’яўляемся Ягонымі дзецьмі і ніхто на свеце не ў сілах нас гэтага пазбавіць. Гэта праўда нашай веры і нагода да сапраўднай радасці.
Нас могуць пакрыўдзіць, нас могуць ігнараваць, з намі могуць не лічыцца, нас могуць абмаўляць, прыніжаць, прыпісваць нам невядома што, але ніхто ніколі не забярэ ад нас Божы дар чалавечай годнасці, які мы маем. Пакуты Езуса Хрыста набліжаюць нас да Марыі, чыняць нас з Ёй салідарнымі. Больш таго! Праз Хрост мы сталіся Божымі дзецьмі, увайшлі ў супольнасць Касцёла, а праз сакрамэнт пакаяння і паяднання нашая годнасць памнажаецца. А малітва і заступніцтва Багародзіцы вялікая дапамога нам у гэтым. Сакрамэнт Эўхарыстыі спрычыняецца да таго, што мы прымаючы Хрыста ствараем еднасць з Ім праз прыняцце Цела і Крыві нашага Пана.
Вось у гэтым заключаецца нашая годнасць! Нас Бог палюбіў, даў нам свайго Сына, даў нам таксама Ягоную Маці, каб і нашая любоў была сапраўднай не крывадушнай, каб мы гарнуліся да дабра і любілі адзін аднаго братняй любоўю. Гэта і ёсць той момант, калі мы разам з Марыяй праслаўляем і ўзвялічваем Пана.
Дарагія! Але ў жыцці бывае па-рознаму. Вельмі часта аб сваёй годнасці чалавек забывае, а ў асобных выпадках жадае паставіць сябе на месца Бога, і чакае, калі іншыя будуць яго услаўляць і асабіста яму кланяцца. Калі не, ну то беражыцеся. Сучасны чалавек не ўмее па-сапраўднаму адараваць, або яму гэта цяжка рабіць, цяжка засяродзіцца на справах духоўных. Сучасны чалавек пазбягае цішыні, любіць мітусню і гул. Можа таму да яго душы цяжка даходзяць натхненні Божай ласкі. У цішыні мы можам пачуць голас Бога, а ў адарацыі наблізіць Яго да свайго сэрца. Мы ж створаныя для адарацыі, і для цішыні, гэта павінна мець месца ў нашым жыцці, бо гэтыя Божыя сродкі не дазволяць каб мы згубіліся, калі маем перад вачыма ўласцівую мэту – Бога.
Калі паглядзім на асобу Найсвяцейшай Панны Марыі, то можам заўважыць, што Яна перажывае цяжкія перыяды свайго жыцця менавіта праз адарацыю і ў цішыні. Дзякуючы гэтаму Яна не губляе раўнавагі і даканца застаецца верная Божай волі. Яна не трапляе ў роспач, але мужна пераадольвае ўсё на сваім жыццёвым шляху і ўрэшце застаецца шчаслівай. Марыя ўсведамляе сваю годнасць, праз адарацыю і цішыню Яна прымае і разважае ў сваім сэрцы Божае Слова, а сёння спявае Богу гімн праслаўлення.
Мы таксама хочам разам з Марыяй праславіць Бога. Кожнаму з нас ёсць што ўзяць да сэрца і чаму навучыцца ад Марыі. Будзьце аднамыснымі паміж сабою – кажа апостал Павел і наследуйце пакорных. Вось – гэта словы для кожнага з нас. Марыя – ўзор пакоры, якая кожнаму з нас патрэбна. Гэтая пакора дасць нам сілы захаваць раўнавагу і сілу духа, нават у самыя цяжкія моманты нашага жыцця.
Мы вельмі часта разважаем пра любоў, шмат кажам пра гэтую цноту і гэта добра, гэта нас мабілізуе да ўдасканалення гэтай цноты!Робіць нас больш чулымі і здольнымі любіць. Аднак жа ў практыцы бывае па-рознаму. Не заўсёды гэтая любоў развіваецца так як бы нам хацелася. І такое развіццё можна заўважыць у сучасным пакаленні асабліва маладых людзей. Вельмі часта яны баяцца змагацца за любоў, баяцца пераносіць выпрабаванні дзеля любові, прасцей для іх ад любові адмовіцца, калі ім цяжка. Прыклад гэтага – шматлікія разводы. Прычына іх у недахопе цярплівасці і ўзаемаразумення. Мы любім гаварыць але не любім слухаць, мы любім вучыць, але не жадаем вучыцца, нам лягчэй зрабіць заўвагу чым прыняць яе ад іншых.
Дарагія так не можа быць! Найсвяцейшая Панна Марыя нас вучыць іншаму. Не бывае любові без выпрабавання і цярпення, не можа быць любові без змагання з грахом і з усялякага роду праявамі зла. Так як няма нічога агульнага паміж праўдай і хлуснёю. Калі мы бываем расчараванымі, раздражняльнымі ці гняўлівымі, то можам быць спакойнымі і добрымі. Найсвяцейшая Панна Марыя паказвае нам, што мы пакліканыя да любові, а разам з ёю да змагання з грахом. У гэтым заключаецца нашая годнасць, якая нам дае жыццёвую сілу і аптымізм.
Дарагія! У нашым жыцці будуць сустракацца розныя дні: адныя будуць прыгожыя і шчаслівыя іншым разам сустрэнуцца дні, якія ад нас будуць патрабаваць шмат сілаў і цярплівасці. Мы будзем змучаныя, але ўсё роўна шчаслівыя, калі так як Марыя будзем верна трываць у адарацыі Божай волі, прыслухоўваючыся да цішыні сэрца і праслаўляючы Бога ўсім сваім жыццём. Амэн.

Comments
Post a Comment