Гамілія на XXIV ЗН, год А

«Новую запаведзь даю вам, — кажа Пан, — каб вы любілі адзін аднаго.»

Дарагія браты і сёстры! 

У кантэксце сённяшняга Божага слова мы можам убачыць кім па-сапраўднаму з’яўляемся і чаго патрабуем. Калі сумленна прыгледзімся да сваіх паводзінаў і да жыцця наогул, то без сумніву прыдзем да высновы, робячы рахунак сумлення, што мы дастаткова часта здзяйсняем грэх, і як вынік гэтага – патрабуем Божага прабачэння. 

І сапраўды, гэтае прабачэнне Бог нам заўсёды гатовы ўдзяліць, Ён нам яго не шкадуе, заўсёды прабачыць нам, калі мы ўсведамляем учыненае зло і грэх і, што вельмі важна, жадаем з гэтага ўсяго выправіцца. Але ёсць яшчэ адзін момант, на які варта звярнуць увагу, які па сутнасці вельмі важны, ад нас гэтага чакае Бог, менавіта, каб мы былі гатовымі прабачыць тым, хто якімсьці чынам пакрыўдзіў нас.

Паглядзіце, першае чытанне з кнігі Сіраха ставіць прабачэнне бліжняму умовай атрымання прабачэння ад Бога. Калі хочаш атрымаць Божае прабачэнне табе трэба таксама прабачаць бліжнім: “Калі чалавек трывае ў гневе на чалавека, то ці можа ён шукаць аздараўлення ад Пана?”. І гэта далёка не рытарычнае пытанне. Божае слова павучае нас, каб атрымаць Божае прабачэнне, якога патрабуе кожны чалавек, бо неаднаразова трапляе ў грахі і памылкі, якімі крыўдзіць Бога, Божую любоў, чалавеку трэба мець чыстае сэрца, чыстае ад гневу, ад крыўды, каб па сапраўднаму атрымаць прабачэнне ад самога Бога. Каб быць у стане гэтае прабачэнне атрымаць.

Дарагія браты і сёстры! Божае прабачэнне і прабачэнне чалавечае па сутнасці ўзаемазалежныя. Бо, калі разважаем сённяшняе Евангелле, то прыходзі да высновы, што прыняцце прабачэння ад Бога дапамагае нам ад сэрца прабачыць бліжняму. Такім чынам можам убачыць наколькі адно залежыць ад другога. Так як і запаведзь любові: на першым месцы гэтая любоў датычыць Бога, а на другім бліжняга. І гэтая запаведзь непадзельная, як можаш любіць Бога, калі не любіш бліжняга. 

Але мае дарагія, у штодзённым жыцці гэтую ўзаемазалежнасць любові і прабачэння бывае вельмі складана заўважыць, а яшчэ бывае значна цяжэй яе практыкаваць. Прыступаем да сакрамэнту споведзі, прызнаемся ва ўсіх нашых грахах, атрымоўваем праз паслугу святара адпушчэнне грахоў і здаецца з лёгкасцю выходзім з канфесіяналу, толькі застаецца не забыць учыніць наказаную пакуту, але не толькі гэта застаецца. 

Нягледзячы на тое, што мы адчуваем сябе паяднанымі з Богам, бывае так, што нашыя адносіны з бліжнімі не паляпшаюцца і такі стан трывае працяглы час, бывае вымяраецца гэты час дзесяцігоддзямі. Сяброўскія сувязі з нашымі бліжнімі парушаны, ды і направіць іх нам не хапае сілаў, а можа і жадання. Колькі ў нас яшчэ застаецца, дзесьці ў глыбіні нас, ранаў, якія нам учынілі бліжнія, колькі крыўдаў яшчэ ўзнікае перад нашымі вачыма, і за якія мы хочам можа нават адплаты, ці нават помсты за няслушныя адносіны да нас і гэтак далей. Колькі можам прыпомніць зведаных крыўдаў, болю і нясправядлівасці, якія яшчэ застаюцца ўнутры нас, дзесьці глыбока ў сэрцы і з цягам часу пачынаюць нас непакоіць. 

А як жа бывае складана, хоць мы і ведаем аб Божым прабачэнні і запаведзі любові, каб гэтыя крыўды закрыць прабачэннем і паяднаннем, каб выкрычаць у сабе гэты боль і дазнаную на сабе несправядлівасць, каб дараваць так як вучыць сёння нас Езус. Насамрэч, дарагія браты і сёстры, - гэта вельмі складана, але не думайце, што нам на гэта не хопіць сілаў. Мы часта недацэньваем сябе і свае магчымасці, асабліва, калі яны злучаны з Божай ласкай. 

Узаемнае прабачэнне дазваляе больш поўна і па-сапраўднаму перажыць прабачэнне Божае. І гэта нам хоча сёння сказаць Езус. Мы вельмі часта думаем тымі ж катэгорыямі, што і апосталы ў свой час, а дакладней кажучы, задаем падобнае пытанне, якое калісьці задаў Езусу Пётр: “Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?”. 

Як жа часта мы людзі хуткія да абмежавання таго, што паходзіць ад Бога. У нашай людской натуры прысутнае нейкае нястрыманае жаданне быць суддзёй, калі хтосьці завініў супраць нас, ды яшчэ не адзін раз, то як кажам, нашае цярпенне лопаецца і да таго чалавека мы адносімся можа нават і з пагардаю, тлумачачы, што на добрыя адносіны ён не заслужыў. Але, калі мы хочам прыняць Евангелле Хрыста да сэрца, то на такі жыццёвы падыход мы нямаем права.

Што адказаў на гэтае хвалюючае пытанне Пятру Хрыстус: “Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.” Гэта значыць нам трэба быць заўсёды адкрытымі на прабачэнне нашым бліжнім, бо перад Богам мы у падобным становішчы і Ён не абмяжоўвае для нас сваёй дабрыні, цярплівасці і міласэрнасці. Яго цярпенне не лопаецца. Уявіце сабе, каб прыступаючы да споведзі хтосьці пачуў, скончылася ўжо Божая міласэрнасць, колькі можна табе ўжо грашыць і крыўдзіць Бога. Мае дарагія, мы ніколі такога не пачуем. 

Натхнёныя Божым Духам вусны святара прамовяць да нашага сэрца словы, аб якіх сёння сказаў Хрыстус Пятру, калі ты нават саграшыш 78 разоў, і калі жалееш і хочаш направіць сваё жыццё, Я табе гэта прабачу і буду прабачаць далей, да таго моманту, калі ты будзеш гатовым увайсці ў валадарства вечнага шчасця і быць са Мною ўсю вечнасць. Вось што нам сёння кажа Езус.

Калі ты дарагі брат, дарагая сястра, разумееш гэтыя словы, сказаныя нашым Збаўцам, то лепш зразумееш малітву Ойча наш, асабліва тыя словы, якія змяшчаюць у сабе праўду аб прабачэнні, аб сіле прабачэння і яго неабходнасці: як і мы адпускаем вінаватым нашым. Прамаўляем гэтыя словы кожны раз, калі молімся малітвай, якой нас навучыў Езус Хрыстус.

Што мы думаем, калі прамаўляем гэтыя словы? Ці наш розум свядомы таго, што кажуць нашыя вусны? Як мы даруем нашым бліжнім? Над гэтым варта задумацца кожнаму з нас, варта нам адкрыць моц Божага прабачэння, якое залежыць таксама ад нашага чалавечага прабачэння адно аднаму. 

З прыватных аб’яўленняў можам даведацца, што найбольш чалавечыя душы пакутуюць у чысцы, менавіта ад нежадання на зямлі ў свой час прабачыць бліжнім. Аб гэтым таксама сведчаць словы Хрыста: што вы ўчынілі аднаму з гэтых найменшых – Мне ўчынілі. Мы сёння пачулі не проста прыгожыя словы і прыпавесць, запісаныя ў Евангеллі, мы сэрцам дакрануліся да Божай праўды, якая ўплывае на наш лёс і жыццё: як духоўнае, так і чалавечае. Уплывае на тое, што гэтае жыццё мы здольныя перамяніць, падпарадкаваўшыся Хрыстоваму слову, якое мае ў сабе жыццё.

Дарагія браты і сёстры! Моц Божай любові праяўляецца ў прабачэнні. Па сутнасці для нас гэта таямніца, бо сваёй глыбінёй сягае Бога, які сам па сабе ёсць таямніцай і якога мы пакліканы сузіраць усю вечнасць у Божым валадарстве. А, каб належным чынам падрыхтавацца, тут на зямлі, да радасці, якая нас чакае ў небе, трэба быць чалавекам прабачэння. Такімі нас бачыць Хрыстус: людзьмі веры, адкрытымі на дар Божай міласэрнасці і здольнымі пастаянна прабачаць адно аднаму. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В