Гамілія на Вялікі Чацвер_2018
Дарагія! У мінулую Нядзелю Мукі Пана, якую мы яшчэ называем Пальмовай, разам з Паўсюдным Касцёлам мы распачалі тыдзень, які акрэсліваецца вялікім. Такую назву ён атрымаў, па прычыне святкавання галоўных падзеяў нашай веры і нашага адкуплення. Сэрцам Вялікага Тыдня з’яўляецца Святы Пасхальны Трыдуум (тры вельмі важныя дні, якія без сумніву з’яўляюцца кульмінацыяй усяго літургічнага году): Вялікі Чацвер, Вялікая Пятніца і Вялікая Субота.
Святы Пасхальны Трыдуум мы распачынаем сёння св. Імшой Вячэры Пана ў Вялікі Чацвер. Можам заўважыць як ужо сёння змяняецца каларыт і настрой літургіі: наступае цішыня ў касцёлах, перастаюць біць званы, пасля ўрачыста адспяванага гімну Хвала на вышынях моўкнуць арганы, а замест званкоў пачуем характарыстычны стук драўляных калатак. Вось такая асаблівая цішыня ў літургіі акунае нас, дарагія браты і сёстры, у атмасферу Вячэрніка, дзе Езус разам са сваімі вучнямі спажыў Пасху.
Менавіта там, у адным з памяшканняў ерузалемскіх дамоў адбылася Апошняя Вячэра, у загаддзя падрыхтаванай святліцы, у верхнім пакоі. Езус моцна прагнуў спажыць гэтую Пасху са сваімі вучнямі, бо яна была асаблівай. Гэты Вячэрнік стаў месцам апошняга супольнага прабывання Езуса з апосталамі. Тры гады навучання Езус хоча завяршыць істотным выкананнем сваёй місіі прыйсця на зямлю. Ён бярэ кавалак хлеба ў свае рукі.
Трэба нагадаць, што хлеб паводле старажытных крыніцаў як еўрапейскай культуры ці культуры Блізкага Усходу з’яўляецца галоўным элементам харчавання чалавека і такім застаўся па сённяшні дзень. І, менавіта, гэты хлеб, той асноўны пасілак чалавека, Езус бярэ ў свае рукі і кажа: “Гэта Цела маё”. Напэўна спачатку апосталы не зразумелі гэтых словаў Збаўцы, можа толькі ўзрушаны голас Езуса крыху насцярожыў вучняў.
Потым узяў келіх з віном, якое як у Палестыне так і ў шматлікіх іншых месцах старажытнага свету было элементам і штодзённых пасілкаў, і таксама важных рэлігійных святкаванняў, і прамовіў няменш дзіўныя словы: “Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая…”(Мц 26, 27-28). Гэта было Яго падзякай - Эўхарыстыяй, дарэчы так дакладна і тлумачыцца гэтае слова з грэчаскай мовы. Езус кажа аб сваім Целе, якое будзе выдана за людзей і аб Крыві, якая за іх будзе праліта. А крыху раней казаў апосталам: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця.”(Ян 6,53) А таксама: “Гэта чыніце на Маю памяць” (Лк 22,19).
Умілаваныя браты і сёстры! У Эўхарыстыі Хрыстус нас цудоўным чынам адрывае ад саміх сябе і прывязвае да Бога. І вось гэтае сваеасаблівае адрыванне адбываецца ў той момант, калі Хрыстус наказвае нам любіць іншых людзей; калі Ён абуджае і ажыўляе нашую гатоўнасць да любові братоў і сясцёр. Эўхарыстыя – гэта сакрамэнт якога асаблівым чынам патрабуе сучасны свет, свет людзей, якіх засляпляе празмерная любоў да сябе і неўмеркаванае пачуццё індывідуалізму. Гэты сакрамэнт не толькі вучыць, але ў першую чаргу дае сілы, каб рэалізаваць словы, якія нам пакінуў Езус Хрыстус адносна запаведзі любові, у якой мы пакліканы будаваць грамадскія сувязі з іншымі людзьмі, у першую чаргу з людзьмі веруючымі, але таксама і з тымі, хто блукае, або хто знаходзіцца ў пошуках веры, хто апынуўся на жыццёвых ростанях ці нават з тымі, хто няверыць.
Сёння ў святы вечар Вялікага Чэцвера Езус заклікае нас, каб мы паверылі ў Яго жывую і актыўную любоў, якая з’яўляецца Ягоным дарам для кожнага з нас. Словы, якія Хрыстус пакідае як запавет, не з’яўляюцца пафасам, ці літаратурна-біблійным красамоўствам. Гэтымі словамі мы павінны жыць. Бо гэта тая любоў, ахвяраваная нам бяз рэшты на Крыжы, у Эўхарыстыі і ў братах і сёстрах. Паверце, мае дарагія, як мы будзем прымаць любоў Бога, як дазволім Яму нас перамяніць, так мы будзем здольнымі любіць іншых і выконваць наказ Езуса: “Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас…” (Ян 13,34)
Падчас Вячэрніка Езус выкарыстоўваў звычайныя жэсты, але канчаткова іх змест быў значна глыбейшы і не даканца зразумелы апосталам. Таму на пачатку яны нават не хацелі згадзіцца. І, як вы ўжо здагадаліся гэтым неадназначным жэстам было абмыццё ног. Тое, што апосталы былі вельмі здзіўлены – гэта мала сказана. Магчыма яны былі крыху спалоханы. Пасудзіце самі, іх Пан і Настаўнік зняў верхнюю вопратку, падперазаўся палатном і як далей распавядае Ян Евангеліст пачаў абмываць вучням ногі. Усім без выключэння нават Юдзе Іскарыёту. Чаму такая рэакцыя апосталаў, асабліва апостала Пятра.
У старажытнай рымскай культуры абмыццё камусьці ног было абавязкам нявольнікаў, якіх фактычна не лічылі за людзей і вельмі часта імі пагарджалі. Менавіта таму чуем абурэння апостала Пятра, які ўсклікае да Езуса: “Не, не абмыеш ніколі маіх ног!” Па-іншаму Пётр хоча сказаць: “Пане, я не згодны, каб Ты для мяне быў рабом… Як Ты, мой Настаўнік і Пан, можаш Сябе так прынізіць… Я не згодны на гэта.” І па-людзку кажучы абурэнне Пятра было ў нейкай ступені слушным, хоць і недасканалым па прычыне неразумення гэтага Божага жэсту.
Таму Езус прамаўляе наступныя словы, якія становяцца пераломнымі для Пятра: “Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною.” Пасля заканчэння абмывання ног Езус скажа словы, якія дапамогуць зразумець апосталам, чаму іх Настаўнік учыніў такі жэст: “Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі як Я зрабіў вам.” І сёння гэтыя словы Езус паўтарае спецыяльна для нас. Ён нам паказвае ўзор, канкрэтны прыклад, як любіць бліжніх. Што гэтая любоў не павінна заканчвацца на словах, але каб яна праяўлялася праз учынкі служэння іншым у пакоры. І нам сучасным вучням Хрыста, трэба гэта наследваць.
Калі ўзгадаем той момант чалавечай слабасці апосталаў, дзе яны спрачаліся між сабою, хто з іх найбольшы, можам заўважыць, што хоць змяніліся часы, але ў чалавеку гэтая дрэнная схільнасць нажаль засталася. Перыядычна мы таксама паўтараем тыя ж памылкі. Хрыстовая любоў, якой дзелімся з іншым чалавекам, звязана з пакораю, з ахвярнасцю, з забыццём пра самога сябе. Пераважна чалавек адчувае сябе задаволеным, калі ён моцны, калі з ім лічацца іншыя, калі яго хваляць, нават калі перад ім упакорваюцца іншыя.
Але Хрыстус нас вучыць чамусьці іншаму. Ён удасканальвае нашую прыроджаную схільнасць да задавальнення. Пакорнае сведчанне любові не патрабуе авацый, ці бурных апладысментаў і нажаль у сучасным свеце вельмі часта трактуецца як праява слабасці. Тым няменш, Езус абмываючы ногі сваім вучням, нам з вамі, дае нам прыклад пакоры, нават прыніжэння і заклікае, каб мы Яго наследвалі ў любові. Таму што, як піша Ян Евангеліст “Палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх”.
Хрыстус палюбіў нас дарэшты, дарагія браты і сёстры, ці гэта не прычына да сапраўднага задавальнення і радасці. Езус палюбіў нас, слабых, баязлівых, празмерна самаўпэўненых, здольных да камерцыйных адносінаў штосьці за штосьці. Такімі мы бываем, але не такімі нас хоча бачыць Езус. Сёння мы чуем, якое атрымалі заданне як хрысціяне: рэалізаваць у сваім жыцці запаведзь любові. Любові, якая выражаецца ў служэнні. Не толькі словамі, але перадусім чынамі. Езус даў нам прыклад, каб і мы наўзаем абмывалі сабе ногі. Можа мы запытаем а як павінна выглядаць на практыцы гэтае нашае ўзаемнае абмыванне ног? Як нам сёння рэалізаваць гэты Божы жэст? Напэўна кожны з нас разумее, што гэта нялёгке заданне, і намаганняў нам прыдзецца прыкласці нямала.
Але, мае дарагія, кожны добры учынак здзейснены з любові да бліжняга, асабліва для хворага, слабога, церпячага, самотнага, усімі забытага – гэта і ёсць тая паслуга абмыцця ног. Да гэтага нялёгкага задання заклікае нас сёння Езус Хрыстус: каб мы не баяліся схіліцца ў пакоры перад іншым чалавекам, каб мы мелі ў сэрцы адвагу памагчы іншаму чалавеку. Паглядзіце якія мы хуткія да зайздрасці, да гневу, да паклёпу, ніякіх намаганняў тут нам рабіць нятрэба: пакрыўдзіў нас хтосьці і ўсё - ланцужковая рэакцыя пайшла. Але, калі мы здольныя схіліцца ў пакоры, то нашае сэрца стане большым, стане месцам Божай любові, стане падобным да Хрыстовага сэрца.
Існуе яшчэ больш глыбейшае вымярэнне вось гэтага жэсту абмыцця ног, здзейсненага падчас вячэрніка ў Вялікі Чацвер. Езус абмывае нас з бруду грахоў і слабасцяў, ачышчае нас моцаю сваёй Боскай дабрыні. Таму абмыццё ног – гэта таксама ўзаемнае прабачэнне і не толькі сем разоў, але калі трэба то і семдзесят сем разоў. Бо ў прабачэнні мы на ўзор Хрыста ачышчаем адно аднаго трываючы ў Божым слове і ў сакрамэнце Божай любові. Абмыванне ног – гэта дар з самога сябе, які прывёў Хрыста да таго, што ў гэтай любові Ён аддаў дзеля нас самае дарагое і каштоўнае, што меў - сваё жыццё. Вось такімі нам трэба быць…
Умілаваныя браты і сёстры! Сёння ў гэты незвычайны вечар мы разам перажываем Эўхарыстыю, Апошнюю Вячэру, Пасхальную Гасціну. Хрыстус, які прысутны сярод нас жадае нас ачысціць, каб мы былі годныя прыступіць да Яго стала. Таму асабліва сёння, калі Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі, папросім Яго аб ласцы умення служыць іншым і аб рэалізацыі запаведзі любові ў нашым жыцці. Каб мы не былі абыякавымі да Яго слоў і каб Яго ласка ўзварухнула нашыя сэрцы. Амэн.
Чытанні: Святы Пасхальны Трыдуум

Comments
Post a Comment