Гамілія на IX ЗН, год В

“Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату.” 

Дарагія браты і сёстры! 

Перш чым засяродзімся над думкаю, якую ставіць перад намі сённяшняе Божае слова, належыць узгадаць некалькі словаў пра шабат. Асноўную інфанмацыю пра яго мы пачулі ў першым чытанні. Шабат у габрэяў – гэта сёмы дзень тыдня, які наказвае паўстрымацца ад працы. 

У кнізе роду ў другой главе ёсць словы адносна сёмага дня: “І закончыў Бог да сёмага дня ўсе справы Свае, якія Ён учыніў, і благаславіў Бог сёмы дзень і асвяціў яго; бо ў той дзень спачыў ад усіх справаў Сваіх, якія Бог тварыў і ствараў.” Іншымі словамі шабат – гэта адпачынак. Гэты адпачынак ёсць ушанаваннем Бога і таксама з’яўляецца неабходным для чалавека. 

І сёння разам з вамі хачу крыху паразважаць менавіта пра адпачынак. Ужо на першых старонках Святога Пісання, пасля стварэння чалавека ідзе гаворка пра адпачынак самога Бога. Калі над гэтым засяродзіцца, то можам сказаць, што для кожнага з нас адпачынак з’яўляецца вельмі важнай справай. Чаму? 

Праца, якую мы выконваем, яна нам запэўнівае матэрыяльнае ўтрыманне, праца ўпрыгожвае чалавека, але часамі бывае залежнасцю. Чалавек так моцна ўваходзіць у гэтую працу, што часамі больш нічога апрача яе не бачыць і забывае нават пра звычайны адпачынак. Допінгам могуць быць як большыя грошы, так іх сур’ёзны недахоп. 

Мае дарагія! Творца, вельмі мудра ўсё ўчыніў і паклікаў чалавека да гармоніі, да жыцця ў ладзе з Богам, з сабою і з наваколлем. Паглядзіце, дарагія браты і сёстры, на стрвораны рытм дня і ночы. Дзеля гэтага ён ёсць, каб чалавек, уваходзячы ў гэты рытм, меў час на працу, але таксама і на годны адпачынак. 

Дзякуючы сну, чалавек можа рэгенераваць свае сілы, калі за дзень яны амаль зніклі. Наш мозг таксама патрабуе адпачынку і з раніцы пераважна ён свежы. Калі няма добрага сну, нам вельмі складана аднавіць свае сілы. І новы дзень мы можам распачаць менш эфектыўна. Усе мы гэта добра ведаем. 

Сучасная цывілізацыя нам крыху ўскладняе арганізоўваць добры рэгулярны адпачынак. Электрычнасць, кампьютэрызацыя і многае іншае дазваляюць нам працаваць ноччу не горш чым днём. Напрыклад можна да пазна аглядаць па тэлебачанні розныя забаўляльныя праграмы, любімыя тэлесерыялы, фільмы, слухаць канцэрты і гэтак далей, тут можна пералічыць безліч усяго, што нам можа адганяць здаровы сон. І мы самі добра ведаем, што такое начное агляданне скончваецца тым, што наступны дзень у нас можа распачацца значна пазней, або, калі мы і ўстанем раней, то прыдзем да сябе не адразу. Яшчэ нейкі час будзем на “аўтапілоце”. 

Дарагія! Як бачым ва ўсім патрэбна мудрасць. У працы і адпачынку таксама. Канешне ёсць сітуацыі, калі ад нас не ўсё залежыць, але ў большасці вельмі важна, каб годны адпачынак у нас усё ж такі быў. 

Калі вяртацца да справы шабату, то яго можам назваць другім спосабам адпачынку. Адзін дзень на працягу тыдня належыць прызначыць на адпачынак. Для нас, дарагія браты і сёстры, гэтым шабатам з’яўляецца нядзеля. І самае галоўнае, прызначыць гэты дзень для Бога. Бо не толькі цела патрабуе адновы сілаў, рэгенерацыі, але і нашая душа патрабуе адновы духоўных сілаў, якія мы можам чэрпаць са спаткання з жывым і праўдзівым Богам. 

Таксама гэты нядзельны час патрэбны нам для таго, каб мы былі разам з сям’ёю. Працоўны тыдзень вельмі часта робіць нас падобнымі да белкі ў коле, таму нам трэба мець час на сябе, на тое, каб адпачыць сярод сваіх найбліжэйшых, знайсці час для родных і блізкіх. 

Умець ахвяраваць свой час гэта вельмі важна. Калі мы знойдзем час і арганізуем для сябе адпачынак, адчуем вялікую радасць у сэрцы, пазбавімся ўнутранай мітусні і проста скіруем увагу на іншага чалавека, каб яго выслухаць, каб парадавацца або пасумаваць разам з ім. Можа хтосць нас чакае і патрабуе, каб мы арганізоўваючы такі адпачынак для сябе, падзяліліся гэтым адпачынкам з іншым чалавекам. Тады мы і самі знойдзем сілы, і зможам дапамагчы знайсці іх іншым людзям. 

Але, калі мы абыякава будзем ставіцца да справы адпачынку – гэта нажаль можа нам вельмі зашкодзіць як душы так і целу. Хто жадае жыць у гармоніі з Богам, з бліжнімі і з самім сабою, той павінен цаніць адпачынак, сапраўдны адпачынак, а не ляноту. 

Умілаваныя браты і сёстры! Калі мы молімся, то часта ўзгадваем нашых спачылых братоў і сясцёр, калі прыходзім на могілкі, калі ўдзельнічаем ў Святой Імшы, то просім для іх аб вечным адпачынку. Паглядзіце і тут адпачынак вельмі важнае і ключавое слова. Гэты адпачынак ёсць удзелам у вечнай радасці, да якой кожны з нас пакліканы. Сапраўдная радасць і вечны адпачынак ёсць тады калі мы з’яднаныя з Богам. Таму давайце ж цаніць адпачынак і адносіцца да яго з усёй належнай адказнасцю, з такім пашанаваннем, якое ўклаў у адпачынак сам Бог. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В