Казанне 18.02.2019

"Чаму засмуціўся ты, і чаму спахмурнеў твар твой?"

Умілаваныя ў Хрысце Пану! 

Чаму Езус, як мы сёння чуем у Евангеллі, пакідае фарысеяў, адплываючы на другі бок так і не паказаўшы ніводнага знаку, які яны чакалі. Здаецца – гэта быў найбольш спрыяльны момант, каб прадэманстраваць сваю Боскую моц. Але замест гэтага, Настаўнік з Назарэту не толькі не з’явіў нейкі свой фірмены цуд, а проста цяжка ўздыхнуў, з незадавальненнем пракаментаваў гэтае жаданне фарысеяў, сеў у човен і адплыў. 

Як мы ведаем, Езус, дзеля таго, каб здзейсніць нейкі цуд, патрабаваў ад чалавека сапраўднай веры ў Ягоную Боскую моц. Калі Езус трапляў у атмасферу бязвер’я, то не толькі не мог учыніць ніводнага цуду, але нават здзіўляўся чалавечаму бязвер’ю. Так, напрыклад, было ў ягоным родным Назарэце. 

А сённяшняе Евангелле нам апавядае аб тым, што фарысеі, якія патрабавалі знаку ад Езуса, не толькі не мелі веры ў сабе, але спрачаючыся з Ім, жадалі выпрабаваць Яго. А гэта значыць, што насамрэч цуд ім не быў неабходным, яны хацелі знайсці ўсялякую магчымасць, можа нават самую нязначную, каб скампрамітаваць Езуса, каб злавіць яго на мове, ці на ўчыненым цудзе і абвінаваціць. 

І справа была не толькі ў недахопе веры гэтых фарысеяў, колькі ў звычайнай людской зайздрасці. Яны моцна зайздросцілі Езусу, бо Ён не толькі валодаў па-над чалавечай сілай, але Яго любіў народ, Яго ахвотна слухалі, за Ім хадзілі натоўпы. І вось гэтая звычайная чалавечая зайздрасць перашкаджала фарысеям паверыць у Езуса. Яны за ўсялякі кошт хацелі пазбыцца Езуса Хрыста, нават пазбавіць Яго жыцця. І, канешне, усё гэта было Езусу добра вядома.

Механізм зайздрасці вельмі добра раскрывае сённяшняе першае чытанне, якое апавядае аб братазабойстве. Чаму Каін забіў Авеля? Гэта класічнае пытанне. Таму што яго ўзненавідзіў. А чаму яго ўзненавідзіў? Таму што зайздросціў. Нягледзячы на тое, што Пан яму сказаў: “Чаму засмуціўся ты, і чаму спахмурнеў твар твой? Калі ты робіш добра, ці не павінна быць узнята аблічча тваё? А калі не робіш добра, грэх затойваецца пры дзвярах. Ён цягне цябе да сябе, але ты можаш панаваць над ім.” Каін усё ж такі не прыслухаўся да Божых словаў, не змог запанаваць над грахом, але грэх авалодаў ім. І таму ён забіў свайго брата. 

Вось тое ж самае мы бачым у сённяшнім Евангеллі. І гэта зусім не ўнікальная і непаўторная сітуацыя, такіх сітуацый у жыцці чалавека шмат, яны існуюць і ў нашым жыцці. Дастаткова толькі добра прыглядзецца. Нас таксама нярэдка бударажыць зайздрасць, гнеў, незадавальненне, крыўда, нянавісць. А колькі злога мы здольныя ўчыніць сваім бліжнім у такім стане: колькі дрэнных слоў можам сказаць адно аднаму, а колькі абгавораў і знеслаўленняў зыходзіць з нашых вуснаў. Па сутнасці мы тады наследуем Каіна ў той ці іншай ступені мы становімся да яго подобнымі.

Але гэта зусім не значыць, што нам трэба паўтараць памылкі Каіна ці фарысеяў. Той грэх, які прытаіўся ля дзвярэй нашай душы, павінен быць выкаранены ўменнем убачыць у нашых бліжніх дабро. Убачыць тое, што гэтыя людзі, нягледзячы на іх слабасці, вельмі каштоўныя для нас, асабліва, калі гэта людзі блізкія. 

Можа часам і мы ў душы патрабуем ад Бога нейкі знак, але калі няма веры, калі ў нашым сэрцы няма прабачэння, то ніякі знак не будзе нам дадзены і Збаўца ціха аддаліца ад нас, так як аддаліўся сёння ад фарысеяў. А без Яго мы не зможам панаваць над грахом. Таму няхай сённяшняе Божае слова дапамагае нам яшчэ больш давяраць Богу і змагацца з грахом, які так часта затойваецца ля парога нашай душы. Амэн. 


Чытанні: Catholic.by

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В