Казанне 19.02.2019
«Глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада.»
Дарагія! Што асабіста мяне здзіўляе ў сённяшнім пачутым Божым слове. На асаблівую ўвагу сёння заслугоўвае ўрывак з Евангелля. Не ведаю, аб чым бы разважаў я, калі б знаходзіўся ў той кагкрэтнай сітуацыі, што і вучні Езуса.
Ягоныя вучні, якія ўжо не першы дзень былі са сваім Настаўнікам, якія так часта з’яўляліся сведкамі, Яго “цяжкай мовы” і не адзін раз атрымоўвалі каментар і тлумачэнне навукі, якую можа з прыпавесцяў і шматлікіх алігорый было не так і проста зразумець. Гэтыя ж Вучні, якія цяпер знаходзяцца так блізка Езуса, плывуць разам з Ім у чаўне і не могуць уласціва адчытаць гэтых, скіраваных да іх словаў. Размаўляюць між сабою, што не маюць хлеба. А тым часам Езус ім кажа пра закваску фарысеяў і Ірада.
Вось паглядзіце: можна быць так блізка Езуса, як ягоныя вучні зараз і адначасова не заўважаць і не разумець, мець зацвярдзелае сэрца, мець вочы і не бачыць, мець вушы і не чуць. Што гэта за закваска пра якую сёння кажа Езус?
Настаўнік з Назарэту добра ведаў сэрцы людзей, чытаў іх думкі, лепш чым мы можам чытаць кнігі, вобразна кажучы, кожны чалавек для Яго – гэта адчыненая кніга з усім яго жыццёвым багажом і нават з усімі ягонымі думкамі. Кантэкст сённяшняга Евангелля змяшчаецца пасля цуда памнажэння хлеба і як мы заўважаем гэтае памнажэння хлеба адбывалася двойчы: адзін раз было накормлена пяць тысяч чалавек, другі раз - чатыры тысячы.
Аднак гэты цуд, які здзейсніў Езус, не ўсімі людзьмі быў адпаведна ўспрыняты. Многія ў Езусе пачалі бачыць палітычнага лідэра. І, магчыма, некаторыя вучні таксама мелі такую спакусу бачыць свайго Настаўніка лідэрам грамадска-палітычнага перавароту. Прынамсі такія былі амбіцыі фарысеяў як таксама і Ірада. Яны падпарадкоўваліся рымскай уладзе, але ўсёй душою яе ненавідзілі.
А напэўна, некаторыя людзі, якія былі сведкамі цуду і насыціліся хлебам, данеслі аб гэтым фарысеям і Іраду таксама. Таму гэтая закваска, пра якую сёння кажа Езус датычыла палітычных абміцый і неўласцівага разумення кім ёсць Езус. Таму Езус сёння і кажа, каб не быць у сваіх думках і меркаваннях падобнымі да фарысеяў або Ірада. Бо так як закваска можа заквасіць усё цеста, так неўласцівае разуменне можа дэаметральна аддаліць ад Езуса. Пасля гэтага Езус запытаецца кім вы лічыце Мяне? І атрымае адказ ад Пятра. А пакуль сёння кажа, каб мы сцерагліся неўласцівай закваскі.
Дарагія! Як мы можам сёння ўспрыняць гэтыя словы і якой закваскі нам трэба асцерагацца зараз? Перш за ўсё нам таксама важна зразумець кім з’яўляецца для нас Езус і што гэта значыць асабіста для кожнага з нас. Ці ўплывае на нашае жыццё тая праўда аб Божым Сыне, якую мы ведаем. Ці можа існуе нейкая “закваска” гэтага свету, якая неўласціва паказвае нам Езуса і якой мы трымаемся па жыцці. І можа ў нас ёсць нейкія свае амбіцыі ў якіх мы хочам выкарыстаць тое, што ведаем аб Езусе. Магчыма пытанні складаныя, але цяжка будзе нам і балюча, калі з аднаго боку будзем блізка Езуса, а ўсцяж не будзем разумець і заўважаць, будзем мець зацвярдзелае сэрца, мець вочы і не бычыць, мець вушы і не чуць. Таму вельмі важна пазнаваць у сваім жыцці Езуса Хрыста і дастасоўваць Ягоныя словы да свайго жыцця. Тады ніякая “закваска” нам не перашкодзіць. Амэн.
Чытанні: Catholic.by

Comments
Post a Comment