Казанне 21.02.2019

Дарагія браты і сёстры! 

Пару дзён таму, мы з вамі разважалі, навошта трэба асцерагацца закваскі фарысеяў і закваскі Ірада і чым гэтая закваска шкодная. Сёння чуем выразнае пытанне, якое Збаўца ставіць сваім апосталам падчас падарожжа да вёсак, якія знаходзіліся ў межах Цэзарэі Філіпавай. Чаму Езуса цікавяць гэтыя пытанні? 

Спачатку Ён пытаецца, кім Яго лічаць людзі: той мнагалікі натоўп, які Яго часта акружаў і які станавіўся ні адзін раз сведкам незвычайных здарэнняў ці шматлікіх мудрасных выказванняў Езуса. Кім лічаць Мяне ўсе гэтыя людзі, як вы лічыце? - пытаецца сёння Езус. І атрымоўвае неадназначны адказ, бо як кажуць яго вучні, адныя лічылі яго Янам Хрысціцелем, другія - Іллёю, а іншыя – адным з прарокаў. Значыць не было сярод людзей адназначнага меркавання наконт асобы Езуса. 

Ну а фарысеі лічылі Яго наогул бунтаўніком і магчымым рэвалюцыянерам. Напэўна меркаванняў гэтых боло вельмі шмат, значна больш, чым нам падае сёння Евангелле. Але справа не ў гэтым. Тым, кім бачаць Езуса людзі – гэта адно, зараз Яго цікавіць нешта іншае, таму Езус задае другое пытанне, асабістага характару, звяртаючыся непасрэдна да меркаванняў саміх вучняў. А вы кім лічыце Мяне? Не так даўно вы разважалі, што не ўзялі хлеба, калі Я вас папярэдзіў аб небяспечнай заквасцы. Дык вось, каб сцерагчыся гэтай шкоднай закваскі, хто Я для вас, адкажыце? 

І, як сёння мы чуем, ад імя ўсіх апосталаў, голас забірае Пётр і вызнае, што Езус з’яўляецца Хрыстом. Гэта значыць Божым Памазанікам. Даволі незвычайным з’яўляецца тое, што Пётр, які выразна вызнаў веру ў Хрыста, праз момант пачынае Езуса дакараць, калі Той апавядае пра свае будучыя цярпенні, пра тое. што Яго чакае мука, смерць і ўваскрасенне. 

Можам падумаць, што Пётр празмерна ўвлёкся спачуваннем Настаўніку, які адкрыў ім вельмі няпростую праўду аб сваёй місіі. Але тут было не столькі спачуванне і жаданне, каб гэта ўсё мінавала Хрыста, каб гэта на Ім не збылося, колькі звычайная людская логіка, якая няздольная зразумець і прыняць Божых планаў. Бо і сам Хрыстус падчас агоніі скажа свайму Айцу на малітве, калі можна няхай аміне Мяне гэты келіх, але не Мая, але Твая воля няхай станецца. 

Дарагія браты і сёстры! Як жа важна, нам пазнаваць Божую волю, Божыя планы ў сваім жыцці. Калі мы будзем блізкія Хрысту, калі Ягоныя словы стануць правілам нашага жыцця, то зможам так як і Пётр сёння сказаць Ты - Хрыстус. Але вельмі важна, каб мы не паўтаралі памылкі Пятра і не пачулі ў сваім жыцці адказ які сёння пачуў Пётр. Амэн.

Чытанні: Catholic.by

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В