Гамілія на VI ЗН, год С

«Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.» 

Дарагія браты і сёстры! 

Рэфрэн сённяшняга псальму, можна лічыць сваеасаблівым дэвізам хрысціянскага жыцця. Літургія Божага слова ставіць выразны націск на надзею і спадзяванне ў жыцці чалавека. Калі задумацца, то сапраўды, цяжка ўявіць жыццё без надзеі або без спадзявання на Кагосьці. 

Калі звярнуць увагу на гісторыю Ізраэльскага народу, а гэтая гісторыя вельмі выразна адлюстравана на старонках Старога Запавету, то можна прыйсці да высновы, што Бог ставіць чалавека перад канкрэтным выбарам. 

Напрыклад у кнізе другазаконня ёсць такія словы: “Стаўлю перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Дык выбірайце ж жыццё!” Як гэтыя словы звязаны са спадзяваннем, аб якім мы з вамі распачалі разважаць? 

Калі мы значна шырэй паглядзім на жыццё, то зразумеем, што няма безвыходных сітуацый. Складаныя сітуацыі канешне існуюць, часамі нам можа здавацца, што існуюць безнадзейныя сітуацыі ў жыцці, але гэта не зусім так. Чалавек заўсёды мае магчымасць выбару, што ў сваю чаргу прадугледжвае надзею. 

Нягледзячы на тое ці ведае аб гэтым ці не, ці згаджаецца ці не згаджаецца, але па сутнасці выбірае або благаслаўненне або пракляцце. Трэцяга не дадзена. І перад абліччам, вось такога выбару, сённяшняя літургія ставіць кожнага з нас, прапануючы ўсвядоміць яшчэ лепш гэтую праўду. Аб гэтым сёння нам кажа прарок Ерамія у першым чытанні, якое мы пачулі. Ну а вельмі выдатна гэтую тэму раскрывае сённяшняе Евангелле, дзе Хрыстус акуратна па паліцах раскладае навуку, што значыць быць шчаслівым і у якім выпадку чалавеку гора. 

Дарагія! У школе Хрыста кожны з нас з’яўляецца вучнем, а гэта ў сваю чаргу робіць нас забавязанымі выконваць свядомы выбар у сваім жыцці. Мудры, сталы чалавек, заўсёды здольны ўбачыць і выбраць благаслаўленне. А выбраць гэта бывае няпроста. Здараецца, што такі жыццёвы выбар вельмі складаны, можа нават часам звязаны з цярпеннем, або са змаганнем у здзяйсненні сапраўднага выбару. Выбар заўсёды каштуе. 

Напрыклад, калі чалавек апынецца перад абліччам нейкага зла або граху, у яго ёсць выбар ці здзейсніць гэты ўчынак ці сказаць стоп, я гэта не выберу, бо гэта прынясе мне смерць. Гэта значыць, што у здзяйсненні выбару, нам трэба добра ведаць не толькі тое, што мы хочам, але і вынік гэтага жыццёвага выбару, што будзе пасля таго, калі мы задаволім сваё жаданне або як гэты выбар на нас паўплывае. Ці ён будзе благаслаўленнем для нас ці пракляццем. 

Чым жа з’яўляецца благаслаўленне, а чым пракляцце? Сённяшняе першае чытанне выразна кажа: “Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека і ў целе бачыць сваю сілу, а сэрца сваё адварочвае ад Пана.” І ў сваю чаргу “Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога — Пан.” Бачым кантраст, гэтую розніцу: Пракляты – благаслаўлёны. 

Пракляцце ў якое найхутчэй трапляе чалавек перш за ўсё грунтуецца на тым, што чалавек ставіць сябе ў цэнтры ўсяго, лічыць сябе самым паспяховым, ад якога ўсё залежыць, самым разумным, самым прыгожым, моцным і спадзяецца выключна на свае сілы. Вось гэта самы кароткі і пэўны шлях да пракляцца, пачаць лічыць сябе самым галоўным і самым асноўным. Аднак, калі чалавек сэнс свайго жыцця і ўсяго таго, што ў гэтым жыцці адбываецца ўскладае на Богу, у Ім бачыць сваю надзею, на Яго спадзяецца, вось гэта іншы шлях, шлях благаслаўлення. 

Вельмі часта у нас ёсць спакуса знайсці для сябе апору не ў Богу, але ў кімсьці іншым. Пабудаваць сваё жыццё на нейкім уласным фундаменце. Аднак калі мы паслухаем прыпавесць Езуса, якую запісаў Лука Евангеліст, пра багатага чалавека, можам зразумець наколькі шлях самаўпэўненасці для нас небяспечны. Наколькі чалавек здольны пабудаваць сваё жыццё на чымсьці іллюзорным, што яму прыносіць выключна матэрыяльны дастатак або нейкую карысць і гэта чалавек можа паставіць на першае месца ў сваім жыцці. Багач быў самаўпэўнены, таму у ягоным сэрцы з’явіліся такія думкі: “...скажу душы маёй: душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся.” Гэтая прыпавесць ілюструе як можна пакласці надзею ўсяго свайго жыцця выбіраючы пракляцце. Тое, што гэта зусім не жарты, што гэта вельмі рэальная небяспека для чалавека сведчаць далейшыя словы Езуса з той жа прыпавесці: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” 

Вось дарагія браты і сёстры выразны прыклад словаў самога Хрыста адносна надзеі і ўласцівага выбару. А вынік гэтага выбару нас можа нават спалохаць. Вось што значыць паставіць на першае месца ў сваім жыцці дабрабыт і матэрыяльныя каштоўнасці. 

Часамі чалавек будуе сваё жыццё абапіраючыся цалкам на іншага чалавека, гэта значыць ускладаючы сваю надзею цалкам на ім. Выдатным прыкладам гэтага можа быць сітуацыя нарачоных. Здараецца, што гэты стан людзей з’яўляецца пачаткам будавання сумеснага жыцця, але нажаль не ў бок благаслаўлення. Таму што чалавек трапляе ў ілюзію спрабуючы будаваць жыццё на другой асобе. Але часцей за ўсё чалавек сваё спадзяванне ўскладае на самога сябе. Напрыклад, у кнізе апакаліпсіса святога Яна, ёсць мова пра такога чалавека, які спадзяецца толькі на сябе, які праслаўляе сябе і хваліцца сабою, што ён багаты і нічога не патрабуе, аднак Бог выразна кажа: “Ты не ведаеш, што менавіта ты нешчаслівы, годны літасці, бедны, сляпы і голы.” 

Дарагія! Важна кожнаму з нас задумацца і адказаць сабе на пытанне: на чым мы грунтуем нашую надзею, на каго мы спадзяемся? Заўсёды, калі чытаем пра такога чалавека, які цалкам даверыўся Богу, адчуваем спакой і замілаванне. Дастаткова прыслухацца да сённяшняга псальму, які мы спявалі: “Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, якое плод прыносіць у свой час...” Вось гэта прыгожае апісанне выбару шляху благаслаўлення. 

Чалавек, які ўскладае сваю надзею на Бога, які ўкараніўся ў сваім Стварыцелі, становіцца быццам дрэва, якое прыносіць багаты плён. І нават, калі ў сваім жыцці мы перажываем не самы лёгкі час, цярпенне, хваробу ці страту блізкага чалавека, усё роўна дзякуючы надзеі, якую мы ўсклалі на Богу, наш плён заўсёды будзе багаты, таму што нас Бог благаславіць і мы будзем падобны да лісьце якое не вяне, нават у час засухі. 

Іншы вобраз, які прадстаўляе чалавека, давяраючага толькі сабе, змешчаны ў іншым фрагменце кнігі прарока Ераміі, такі чалавек падобны да дзікага куста на стэпе, які не бачыць калі прыходзіць шчасце, выбірае засушлівае месца на пустыні, неўрадлівую глебу: салёную і бязводную. Так гэты вобраз малюе прарок Ерамія, калі мы не будуем на Богу, калі сваё жыццё цалкам Яму не падпарадкоўваем, тады мы падобныя да такога дзікага куста. І вядома пра ніякія плады тут не ідзе гаворка. Няма Божага благаслаўлення. 

Езус ў сённяшнім Евангеллі выразна кажа, што значыць быць благаслаўлёным, што значыць быць шчаслівым. Благаслаўленне раўназначна шчасцю. Шчаслівыя ўбогія духам, тыя хто галадаюць, якія цяпер плачуць, тых якіх узненавідзілі з-за Сына Чалавечага. Радуйцеся і весяліцеся, чаму? Бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе. Аднак не значыць, калі чалавек бедны - то ён аўтаматычна благаслаўлёны, а калі багаты - то пракляты. Той, хто ўбогі духам насамрэч багаты Богам. Нават корань слова багацце паходзіць ад слова Бог, а не ад чагосьці іншага. Таму Багаты чалавек таксама можа быць убогі духам, такое здараецца, можа нячаста але існуе. 

Езус нам сёння тлумачыць, калі мы па-сапраўднаму шчаслівыя, то да нас належыць валадарства Божае. Убогі духам чалавек здольны сваю надзею ускласці на Бога, таму што ён убогі. Зрэшты, а што значыць слова ўбогі, вы калі-небудзь задумваліся над гэтым. Убогі – гэта значыць чалавек, які патрабуе дапамогі ад Бога, які спадзяецца на Бога, таму калі кожны з нас не стане ўбогім духам, не зможа па-сапраўднаму спадзявацца на Бога, вось такі жыццёвы парадокс. 

Не толькі багатаму чалавеку трэба стаць убогім духам, але і беднаму чалавеку трэба такім стаць. Беднасць спрыяе таму, што нам зрабіць гэта лягчэй, але сама па сабе беднасць як стан чалавека, якому не хапае матэрыяльных сродкаў да шчаслівага багатага жыцця не з’яўляецца аўтаматычным паказальнікам убогасці духам. Бедны матэрыяльна чалавек можа не спадзявацца на Бога. І вось, калі мы сталі ўбогімі духам, з гэтага моманту мы здольныя прыняць Божае валадарства з усім яно багаццем. 

Умілаваныя ў Хрысце! Якое вялікае багацце і сапраўднае шчасце змяшчаецца ў гэтых павучальных Евангельскіх словах. Гэта сапраўды каштоўная навука у святле якой нам лягчэй распазнаць шлях які вядзе да благаслаўлення, як таксама і той шлях, які вядзе да пракляцця і не толькі распазнаць гэтыя шляхі, але здзейсніць правільны выбар у сваім жыцці. Бо толькі убогі духам чалавек здольны прыняць скарб Божага валадарства і стаць у гэтым валадарстве насамрэч багатым. 

Усе багацці гэтага свету, якія змяшчаюцца ў матэрыяльных каштоўнасцях ці нават у іншых людзях - гэта нішто ў параўнанні з Богам, якога мы прымаем у Святой Камуніі. Без Эўхарыстыі мы падобныя да дзікага куста Ераміі, мы становімся бязводнымі, сухімі, бясплоднымі, бо ніякае зямное багацце і шчасце не дапаможа нам адчыніць свае сэрцы, каб стаць у праўдзе перад сабою і быць годнымі Божага валадарства. 

Дарагія, якім будзе наш выбар? Няхай кожны з нас адкажа Езусу індывідуальна. Тое што мы зараз тут сабраліся – гэта самая важная і істотная справа для кожнага з нас. Прынамсі так павінна быць. Няхай жа сённяшняе Божае слова дапаможа нам прыняць да сэрца навуку Хрыста, бо яна датычыць не толькі сённяшняга дня, не толькі гэтага года, нават не дзесяткаў ці соцен год, яна датычыць вечнасці і таго ці будзем мы там канчаткова шчаслівымі. Амэн. 



Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В