Гамілія на VII ЗН, год С

“Новую запаведзь даю вам, — кажа Пан, — каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.” 

Дарагія браты і сёстры! 

Тое, што нам сёння кажа Езус у Евангеллі ды і наогул, усё Божае слова якое мы пачулі, для нас неверагодна важнае. Фактычна Езус закранае сэрца нашага хрысціянскага жыцця – не толькі любіць адзін аднаго, але палюбіць так, як гэта ўчыніў сам Езус Хрыстус. А як мы ўсе ведаем, гэта няпростая задача. Гэта вам не кватрат гіпатэнузы, які роўны суме квадратаў катэтаў. І хоць формула гэтай запаведзі для нас зразумелая, аднак рашаць жыццёвыя задачы бывае не так і проста. Чаму? 

З аднаго боку ўскладняе нам гэта нашая чалавечая натура, наш незаўсёды анёльскі характар, нашыя чалавечыя амбіцыі, праз якія мы хочам быць самымі лепшымі, самымі разумнымі, таксама нашая схільнасць да гневу, зайздрасці, помсты. Гэта толькі невялікая кропля з усяго таго, што можа для нас ускладняць рэалізацыю новай запаведзі Хрыста. 

Можа калісьці ў школьныя гады нам здавалася, што няма нічога цяжэйшага за тыя складаныя задачы, якія нам даводзілася рашаць: ці па матэматыцы, ці па геаметрыі, ці можа па фізіцы ці нейкаму іншаму прадмету. І напэўна мы ганарыліся сабою, калі маглі рашыць задачы большай складанасці з так званай зорачкай або двума зорачкамі, мы былі задаволены сваімі вынікамі і нам здавалася, што цяжэйшага амаль не існуе. Аднак. 

Калі ўвайшлі ў самастойнае жыццё, то зразумелі, што гэтыя “складаныя” задачы былі толькі кветкамі, прылюдыяй да сапраўды складаных жыццёвых задач. Можа часткова мы саміў гэтым вінаваты, бо чалавек так устроены, што мае ўласцівасць усё ускладняць. І не заўсёды ў жыццёвым велізарным прыкладзе нібы у алгебры, у нас атрымаецца правільны адказ (а+в), часамі адказ, які атрымоўваецца ў жыцці, не толькі не ўдаецца ўпрасціць, але ён атрымоўваецца ў разы большы чым першапачаткова. Прабачце за такую матэматычную алегорыю, маю надзею, што вы разумееце, што я маю на ўвазе. 

Калі ў жыцці ўзнікае складаная сітуацыя, то бывае не толькі яе цяжка ўпрасціць, але яшчэ больш усё становіцца складаным і запутаным. Так бывае. Пачынаеш будаваць сваё жыццё, сустракаешся с праблемамі рознага ўзроўню: недахоп фінансавых сродкаў, непаразуменне з боку блізкага чалавека, набыццё рознага роду залежнасцяў: тытунёвай, алкагольнай. Глядзіш праз нейкі час няма палёгкі ні ў матэрыяльнай галіне, ні ў духоўнай і ў сямейным жыцці няма парадку. Чаму мы так часта не спраўляемся з рашэннем жыццёвых задач? 

Добрае пытанне. Самае важнае, каб пачаць шукаць прычыну гэтага, выходзячы ад самога сябе. Часцей за ўсё мы абвінавачваем усіх, толькі не сябе. Часцей за ўсё нам здаецца, што толькі нашыя паводзіны правільныя, а іншыя людзі памыляюцца. Канешне бывае па-рознаму. Розныя сітуацыі здараюцца ў жыцці, але ў першую чаргу трэба зазірнуць у сваё сэрца. Праглядзець свой жыццёвы шлях і знайсці тое месца, дзе мы пайшлі не ва ўласцівым кірунку. Можа таму рашэнне жыццёвага прыкладу прывяло нас у тупік. 

Дарагія! Можа мы замоцна ўсклалі спадзяванні толькі на свае сілы, можа мы сябе палічылі лідэрамі, або людзьмі беспамылковымі – гэта вельмі лёгкі спосаб збіцца з уласцівага шляху. Вельмі цяжка, калі чалавек лічыць сябе самым правільным і беспамылковым, раней ці пазней ён упадзе і яго падзенне будзе вялікім. У чым жа ўсё-такі крыецца праблема гэтага. Дзе знайсці правільнае рашэнне. 

Хтосьці са святых казаў, давярай Богу так, як быццам усё ў тваім жыцці залежыць толькі ад Яго, а рабі ў сваім жыцці так, як быццам усё залежыць толькі ад цябе. У пэўным сэнсе – гэта вельмі мудры канцэпт. Таму што мы ў сваім жыцці вельмі шмат хочам, але калі справа пачынае датычыць нашай дзейнасці, то ў большасці выпадкаў усё і застаецца на ўзроўні хачу. А мы жывем у такой эпохе, дзе чалавечы апетыт і патрабаванні растуць. Галоўнае ва ўсім гэтым не згубіць галаву і застацца верным Хрыстоваму Евангеллю. Свет і сучасны, і мінулы заўсёды крытыкаваў Евангелле ў тым, што яно страціла сваю актуальнасць. Але гэта зусім неабгрунтаваная крытыка: мудрасць, якая знаходзіцца ў Богу, стварала гэты свет, Божая мудрасць з’яўляецца фундаментам гэтага свету. Езус Хрыстус гэтую мудрасць падцвердзіў і дазволіў, каб чалавек яе нават закаштаваў і зараз адбываецца так, што чалавеку гэтая мудрасць становіцца ўжо непатрэбнай. Чалавек адчувае сябе самадастатковым. А калі так, то ці патрэбны яму хто-небудзь? 

А як бывае ў нашым жыцці? Як трывога – дык да Бога. А як усё добра, то мы не патрабуем Яго дапамогі. Забываем, што Ён ёсць. Паглядзіце на сучасную цывілізацыю, на чалавечыя адносіны: зараз мы самі сабе “багі”. Будуем сучасную вавілонскую вежу, і хоць у нас ёсць зараз google translate - гэта значыць, што без асобай цяжкасці мы можам зразумець і ператлумачыць сваю мову на ўсе мовы свету, то усё роўна мы не зразумеем адно аднаго і не прыдзем да супольнай згоды. Вось вам і вавілон 21-га стагоддзя. 

Калі ў чалавека няма шацунку да Бога, то не будзе таксама шацунку да бліжняга. Бо насамрэч, любоў аб якой кажа Езус, яна сцісла звязвае Бога і чалавека ў адно непадзельнае цэлае. Як можаш любіць Бога, якога не бачыш, калі не любіш бліжняга, якога бачыш? Добрае пытанне, ці не так? І вось ў рашэнні складаных жыццёвых пытанняў мы не зможам знайсці лепшага рашэння, лепшай формулы, чым тую, якую нам сёння дае Хрыстус: “каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.” 

Калі ў нашым жыцці нас будзе грызці помста, калі будзем жадаць адудзячыць нашым ворагам той жа манетай, то не зможам даканца спасцігнуць і прыняць Хрыстовае Евангелле. Будзем розным чынам апраўдваць сябе, свае паводзіны, абвінавачваць кагосьці іншага, а тым часам не будзем бачыць саміх сябе такімі, якімі мы ёсць. Мы тады станем для саміх сябе сляпымі. 

А тым часам Хрыстус кажа нам, каб мы любілі ворагаў, каб рабілі дабро тым, хто нас ненавідзіць, каб благаслаўлялі тых, хто нас праклінае і каб маліліся за тых, хто нас крыўдзіць. Вось тлумачэнне новай запаведзі, вось чым з’яўляецца сапраўдная любоў. Не тая любоў, якую нам малюе сучасны свет у празмерна ружовых колерах. Гэта не любоў – гэта ў лепшым выпадку пачуцці. Сучасны свет не прапаведвае сапраўднай любові і калі мы пойдзем за ім, то раней ці пазней зойдзем у тупік. 

Дарагія браты і сёстры! Аб сапраўднай любові нам сёння кажа Езус. І гэтая любоў датычыць усяго чалавека, усіх яго сфер і адносін. Хрыстовая фармуліроўка любові з’яўляецца таксама заклікам да таго, каб яе практыкаваць, каб не толькі марыць аб такой любові, але каб ёй жыць. Вось тут знаходзіцца істота нашага хрысціянскага паклікання і нашай прыналежнасці да Хрыста. Бо якая нам карысць, што мы любім тых, хто нас любіць, або чынім дабро тым, хто і нам таксама чыніць. 

Калі хочам быць дасканалымі, то трэба спачатку выбраць бэльку са сваіх вачэй, а потым дапамагаць бліжнім вымаць шчэпку з іх вачэй. Няхай сённяшні заклік Хрыста, дапаможа ажывіць нашу надзею, на тое, якой бы складанай жыццёвая сітуацыя і абставіны не былі, заўсёды ёсць уласцівае рашэнне і правільны выбар. Калі словы Езуса прымем да сваіх сэрцаў, калі пранікнімся імі, то навучымся не проста любіць, але любіць так, як любіць сам Бог. Амэн. 

Чытанні: Catholic.by

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В