Гамілія на VIII ЗН, год С
Дарагія браты і сёстры!
Што нам прыходзіць на думку, калі пачынаем разважаць сённяшняе Божае слова? Напэўна, чуючы столькі мудрых павучэнняў як у першым чытанні так і ў Евангеллі, мы можам вучыцца лепш спазнаваць саміх сябе. Прынамсі, гэтыя словы для нас з’яўляюцца вельмі будуючымі, нашу асобу, характар, стаўлене, мысленне, культуру, адносіны.
Мудрасныя павучэнні з кнігі Сіраха, ствараюць пэўную інструкцыю ў імкненні да пазнання чалавечага сэрца. Аўтар кнігі набліжае да нас гэтую праўду, пакідаючы некалькі даволі зразумелых метафар: недахопы чалавека малююцца як высеўкі, якія застаюцца на сіце або чалавек выпрабоўваецца ў размове, як вырабы ганчара ў печы.
Гэтыя вобразы для усіх нас даволі зразумелыя. Як кажуць чужая душа – пацёмкі. Аднак заўсёды хоць крыху, але можна яе асвятліць. А пачынаць гэта трэба ад сваёй уласнай душы. Бывае, што мы, маючы ўласны пункт выйсця, сваю кропку гледжання, не лічымся з меркаваннямі іншых, не толькі з-за таго, што яны для нас памылковыя, але часам мы нават і не ўслухоўваемся ў тое, што нам кажуць іншыя. І вось тады мы аўтаматычна адкідваем, гэта значыць не згаджаемся з тым, што нам кажуць. Тое, што ў спрэчцы нараджаецца праўда, гэта так, але толькі ў тым выпадку, калі абодва бакі здольныя не толькі гаварыць, але слухаць адзін аднаго.
Як жа часта мы любім павучаць іншых, а крыўдзімся, калі атрымоўваем нейкія заўвагі, нават, калі яны і слушныя. Як жа важна выхоўваць сваё сэрца да дабра, да праўды, да чагосці каштоўнага ды мудраснага. У практыцы мудрасць прыходзіць з вопытам, з гадамі. Часцей за ўсё нам мудры чалавек асацыіруецца з чалавекам сталага ўзросту і мы ўяўляем яго як старца. Аднак мудрасць – гэта цнота, якая з’яўляецца дарам Духа Святога. Таму, калі мы адкрытыя на Ягоную дзейнасць, то зусім натуральна, што мудрым можа быць і чалавек малады.
Дарагія! Ці мы хочам быць мудрымі? Лічу, што так. Асабіста я хачу. Божае слова, асаблівым чынам Евангельскае павучэнне Езуса Хрыста, заахвочвае нас, каб мы ўдасканальвалі сябе праз самапазнанне, праз тое, каб углядаючыся ў сваё сэрца, імкнуліся ўбачыць і выправіць свае ўласныя памылкі, якіх у кожнага заўсёды хапае. Нам лягчэй пакрытыкаваць кагосьці іншага, асабліва за спіной, пажаліцца, які ён нікчэмны і кепскі, а тым часам нашыя ўласныя памылкі нарастаюць з геаметрычнай прагрэсіяй, і вельмі хутка гэтых памылак у нашым жыцці становіцца вельмі шмат. І самае для нас горшае, калі мы іх не бачым і не хочам выправіць.
Наш язык, як кажа прымаўка, неаднойчы з’яўляецца нашым ворагам. Як жа часта мы здольныя ацэньваць не толькі паводзіны іншых людзей, але нават саміх людзей. І забываем адну простую рэч, якім правам мы робім сябе суддзямі. Якое права мы маем асуджаць іншых. Гэта права канчаткова належыць да Бога. Мы, канешне, можам крытыкаваць пэўныя спосабы дзеяння ці паводзіны некаторых людзей, але з лагоднасцю і такім чынам, каб не паўтараць гэтых памылак самім. А мы самі добра ведаем, што часцей за ўсё тое, у чым вінавацім бліжніх, робім самі. Такая праўда. І што тады рабіць?
Напэўна, калі плануем вырасціць цудоўны сад, то маем на думцы, што гэта будуць добрыя пладавітыя дрэвы. Нам залежыць на плёне і таму мы прыкладаем усялякія магчымыя намаганні, каб наш сад рос, развіваўся, не хварэў, а прыносіў як мага большы плён. Гэтак жа адбываецца ў чалавечым жыцці. І вобразна кажучы мы чымсьці падобныя да дрэваў у садзе. Толькі пытанне, які плён мы прыносім і ці прыносім наогул?
Хрыстус сёння нам кажа: “кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе: не збіраюць з церня смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду.” Добрае і зразумелае параўнанне, каб глыбока задумацца сёння якім дрэвам у Божым садзе мы з’яўляемся. Я ўпэўнены, што кожны з нас жадае быць добрым дрэвам і прыносіць добрыя плады. Толькі бывае гэта па-рознаму.
Практычна, каб быць такім добрым дрэвам, трэба рабіць шмат намаганняў са свайго боку. Калі мы у саміх сабе заўважаем, напрыклад, нейкую крывадушнасць, належыць як мага хутчэй яе пазбавіцца, бо інакш гэтая загана апляце нас з усіх бакоў як плюшч, што нашага “дрэва” не будзе і бачна. Так належыць рабіць з любой іншай заганай, якую заўважаем у сабе. Як жа важна для сябе быць аб’ектыўна самакрытычным. Гэтая праца нялёгкая і канешне будзе нам каштаваць нямалых намаганняў. Але вынік яе цудоўны.
Супрацоўнічаючы з Божай ласкай мы з добрымі і шляхетнымі намерамі ўласнага сэрца памножым добрыя плады нашага жыцця. А гэта ў сваю чаргу прынясе нам радасць, і мы забудзем пра той балючы досвед нашага ўзросту, нашага фарміравання. Будзем не толькі радавацца з саміх сябе, але станем прыкладам да таго, каб нас наследвалі іншыя, хто падзяляе нашыя погляды і імкнецца быць мудрым у Пану.
Дарагія браты і сёстры! Сённяшнія Евангельскія парады Хрыста, якія мы пачулі– гэта добрая нагода, выхаваць у сабе добрае сэрца, стаць дрэвам якое будзе прыносіць добрыя плады. А гэта значыць нам не трэбы быць хуткімі на асуджэнне кагосьці, наогул нам нікога не трэба судзіць або вінаваціць. А калі і робім высновы, як з уласных паводзін так і з паводзін іншых людзей, вельмі важна, каб было месца на прабачэнне і шанс выправіцца.
У Бога мы заўсёды маем шанс стаць лепшымі, трэба такі шанс даваць таксама і людзям. Людзі не змяняюцца, калі не зменіць іх Божая ласка. Таму – як кажа сёння апостал Павел - будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будучы цалкам адданымі справе Пана і ведаючы, што не дарэмная праца ваша ў Пану. Амэн.
Чытанні: Catholic.by

Comments
Post a Comment