Казанне 16.03.2019
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 27–28
Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час: Калі Езус прамаўляў да народа, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе! А Ён сказаў: Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго.
Гэта слова Пана.
“Шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго.”
Дарагія браты і сёстры!
Чытаючы Евангелле, мы можам заўважыць, што Езус даволі шмат часу прысвячаў прапаведванню. Вакол Яго збіраліся не толькі апосталы і вучні, але шэраг іншых людзей, якія ў сваім жыцці шукалі Бога.
Канешне былі розныя людзі: адны прыходзілі з-за цікавасці і сенсацыі, бо чулі, што ёсць нейкі Настаўнік з Назарэту, які здзяйсняе цуды і Ягоная навука вельмі адрозніваецца ад вучэння кніжнікаў ці фарысеяў. Другія прыходзілі Яго паслухаць, бо мелі патрэбу ў аздараўленні ці сябе самога, ці можа людзей блізкіх, якія пакутвалі ад розных хваробаў і немачаў. А былі і такія людзі, якія ўважліва прыслухоўваліся да словаў Хрыста, каб у гэтых словах адкрыць для сябе праўду, адшукаць адказы на самыя глыбокія і хвалюючыя пытанні.
Навучанне, або спосаб данясення Божага слова, якім кіраваўся Езус, не было лёгкім. Ён вельмі часта выкарыстоўваў разнастайныя метады прапаведвання: метафары, алігорыі, вобразы, прыпавесці, якія на першы погляд было не так і проста зразумець. Нават апосталы не раз перапытвалі свайго Настаўніка, адносна той ці іншай прыпавесці, і гэта з улікам таго, што Езус і так ім ўсё тлумачыў, калі заставаўся са сваімі вучнямі сам на сам. Вядомая справа, што простыя сяляне-рыбакі, не адразу змаглі спасцігнуць Божую мудрасць, патрэбны быў час, патрэбна была стараннасць і канешне Божая ласка, якая ў гэтых справах іграе галоўную ролю.
Аднак былі такія людзі, якія згубіўшы цярплівасць, або неўласціва зразумеўшы сэнс Хрыстовай навукі, адыходзілі ад таго натоўпу, які звычайна акружаў Хрыста-прапаведніка. Нават, як падае Евангелле, даволі шмат людзей адыходзіла, казалі цяжкая гэта навука, хто яе можа слухаць. Напэўна гэты факт закрануў Езуса за жывое, напэўна Яму было балюча бачыць адыход тых людзей, якія збянтэжыліся, якім не хапіла сілы духа, каб уласціва ўспрыняць тое слова, якое сыходзіла з вуснаў Езуса. Настаўнік з Назарэту жадаў, каб людзі пазнавалі адвечнае слова, якое Ён тлумачыў, даючы заўсёды адмысловы каментар і пранікаючы да сутнасці Божага слова, запісанага ў Святым Пісанні. Езус Хрыстус не прыдумваў чагосьці новага, Ён выдатна ведаў Кнігі Старога Запавету і дасканала разумеў, што азначала кожная крэска, кожная Ёта, у гэтым Пісанні. Толькі данасіў Ён гэтае слова ў вельмі няпростай форме для слухача. Каб зразумець гэтае слова патрэбна была вера, патрэбна была малітва і Божая ласка.
Менавіта таму ў той перыяд крызісу, калі людзі натоўпамі пакідалі супольнасць Хрыста і Ягоных вучняў, Езус звяртаецца да апосталаў з сумным пытаннем: ці вы таксама хочаце адыйсці? На што, натхнёны Духам Святым, апостал Пётр адказывае: Пане, да каго ж мы пойдзем, Ты маеш словы вечнага жыцця. Мае дарагія, Гэта добры і ўласцівы адказ Пятра а разам з Ім і наш адказ у любой крызіснай сітуацыі.
Калі перажываем нялёгкі час нашага жыцця, калі нам здаецца, што Бог нас пакінуў, або мы перасталі Яго разумець, то варта разам з Пятром адказаць: Хрыстэ, я ведаю, што Ты заўсёды побач мяне, я давяраю Твайму слову, у вытоках якога знаходзіцца жыццё. Калі я губляю духоўную раўнавагу, прашу ўзмацні мяне сваім словам, дазволь адчуць тваю блізкасць і тваю айцоўскую любоў. Я хачу зноў адкрыць Цябе, спазнаць шляхі Твае і верна імі крочыць. Вось так, больш менш, можна парафразаваць адказ Пятра.
А сёння, у гэтым кароценькім урыўку Евангелля, Хрыстус паказвае істотную ролю Божага слова ў нашым жыцці. Калі мы паслухмяныя Божаму слову: гэта значыць, калі мы яго слухаем і захоўваем – то мы шчаслівыя. Бо дзеля гэтага нас Бог стварыў і адкупіў, праз свайго Сына, каб нейкі час зведаўшы пэўныя выпрабаванні, мы ўзброеныя ў цярплівасць і ўважлівасць, цешыліся, дзякуючы Божаму слову, сапраўнай радасцю навекі. Амэн.

Comments
Post a Comment