Казанне 22.03.2019

Дарагія браты і сёстры! 

Сённяшняя літургія слова, якую мы пачулі, вельмі выразна паказвае драматызм першароднага граху, які праяўляецца ў слабасці чалавечай натуры. Калі мы паразважаем над пачутымі словамі, то без сумніву можам заўважыць, якая загана, якая чалавечая слабасць сёння асабліва выдзелена. Мы можам заўважыць, што асабліва выразна падкрэслена зайздрасць. 

Калісьці ў дыскусіі з фарысеямі і кніжнікамі, наконт чыстасці ежы Хрыстус вельмі канкрэтна і рашуча прамовіў, кажучы, не тое, што ўваходзіць у нутро чалавека, робіць яго нячыстым, але што выходзіць з ягонага сэрца, тое робіць чалавека нячыстым. Бо знутры чалавечага сэрца выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. Вось такі спісак заганаў пералічвае Хрыстус у адным фрагменце Евангелля паводле Марка. 

І сённяшняе чытанне з кнігі Быцця паказвае вынік: да чаго можа давесці зайздрасць. Горш за ўсё што гэтыя заганы практычна не выступаюць у жыцці паасобку, хутчэй за ўсё адбываецца ланцужковая рэакцыя: адна загана цягне за сабою другую. Калі ёсць зайздрасць, то за ёй ідуць благія думкі, зласлівасць, пыха, блюзнерства і не толькі, можа быць нават крадзеж і забойства. Аб чым зрэшты сёння распавядае Езус у Евангеллі. 

Дарагія! Як жа важна кожнаму з нас лепш пазнаваць сябе, умець ацаніць сябе і свае паводзіны аб’ектыўна. Важна не толькі ўбачыць за сабою тое, што дрэннае і шкоднае, яшчэ важна гэта выкарэніць, ліквідаваць, пазбаўляцца таго, што вядзе да граху. Мы самі з гэтым складаным заданнем на ўрад ці справімся, але калі будзем браць прыклад ад Езуса Хрыста, які пакору ставіць на першае месца, то напэўна з цягам часу, дзякуючы Божай ласцы справімся з гэтай нялёгкай задачай. 

Дзякуючы сапраўднай пакоры можна смела змагацца з рознымі заганамі, якія перашкаджаюць не толькі духоўнаму жыццю, але і звычайнаму чалавечаму. Калі чалавек па-сапраўднаму пакорны, то зайздрасць ніколі не загасцюе ў яго сэрцы. Пакора дазваляе нам жыць у праўдзе і выбіраць тое, што падабаецца Богу. Па-іншаму пакора вядзе да любові. І Езус, які за нас цярпеў балесныя мукі і смерць гэтым самым праклаў нам дарогу для таго, каб мы ўдзельнічалі ў Ягонай перамозе. Калі мы наследуем Езуса Хрыста ў пакоры, то зможам шмат чаго змяніць у сваім жыцці на лепшае. Амэн.

Чытанні: Catholic.by

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В