Казанне 23.03.2019
“Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою.”
Умілаваныя ў Хрысце!
Сёння хачу крыху засяродзіцца над цнотаю міласэрнасці, каб заахвоціць сябе і вас да яе практыкавання і памнажэння плёну гэтай цноты ў нашых сэрцах.
Міласэрнасць – гэта тая дабрадзейнасць, аб якой мы шмат чуем, асабліва ў перыяд Вялікага посту, але не толькі. Як жа мы рупліва молімся, выпрошваючы для сябе і іншых гэтую цноту і не перастаем адчуваць, што нам яе ўсцяж не хапае.
Калі міласэрнасць адносім да Бога, то добра разумеем, што ў дасканалай меры яна належыць толькі да Яго. Глыбіні Божай міласэрнасці для нас неспасцігальныя, але асноўную яе ролю, кожны з нас добра ведае.
Божая міласэрнасць у дачыненні да нас людзей, галоўным чынам праяўляецца ў прабачэнні нам грахоў. Бясконцая велікадушнасць Бога, схіляецца перад кожным грэшнікам, які жадае пакаяцца і выправіцца. Таму кожны, хто перажывае навяртанне, дасвядчае Божую міласэрнасць.
Мы, якія праз уласную нікчэмнасць і грэшнасць не заслугоўваем Божай ласкі, дзякуючы гэтай Боскай цноце, сустракаемся з прабачэннем, якое вяртае нашай душы нявіннасць у Божых вачах. Толькі той, хто здольны аказаць міласэрнасць можа па-сапраўднаму любіць.
Кожны грэх, нават які нам здаецца самым дробным і нязначным, аддаляе нас ад Бога, зачыняе нашае сэрца на дзейнасць Яго ласкі. Вось, уявіце сабе губку, якая плотна запакаваная ў салафан. Такая губка ніколі не зможа ўпітаць у сябе ваду, калі не зняць гэты салафан. Так, вобразна кажучы, адбываецца з Божай ласкай у нашым жыцці, калі грэх, нібы той паліэтыленавы салафан ахінае губку нашага сэрца і Божая ласка не ўваходзіць у яе. Аднак калі мы, перажываючы пакаянне, са скрухаю і жаданнем выправіцца наблізімся да канфесіяналу, які яшчэ завецца трыбуналам Божай міласэрнасці, прызнаючыся перад Богам ва ўсім, у чым перад Ім завінілі, то нашае сэрца нібы губка наноў атрымае ўласцівасць упітываць у сябе Божую ласку і ўсе даброты, якія Бог пасылае нашай душы.
Дарагія! Прыпавесць, якую мы сёння пачулі ў Евангеллі, пра міласэрнага Айца, адкрывае таямнічую моц цноты міласэрнасці. У дасканалай меры – гэта Божая ўласцівасць і міласэрны Айцец, аб якім кажа Езус, гэты ні хто іншы як сам Бог, які прабачае нам грэшнікам, марнатраўным дзецям, прымае нас у свае любячыя абдымкі.
Аднак мы людзі, створаны на вобраз і падабенства Божае таксама пакліканы да таго, каб мець у сабе гэтую цноту. А дзеля таго, каб навучыцца быць міласэрным трэба пачынаць ад прабачэння сваім бліжнім, якія супраць нас завінілі, якія сталі нашымі даўжнікамі. Такім чынам мы станем падобнымі да Айца з сённяшняй прыпавесці, а гэта значыць, практыкуючы гэтую цноту, мы ўсё больш і больш будзем падобнымі да Бога. Амэн.
Чытанні: Catholic.by

Comments
Post a Comment