Гамілія на XXI звычайную нядзелю, год А





Дарагія браты і сёстры!

Неспасцігальныя прысуды і нязведаныя шляхі Божыя, кажа нам сёння апостал Павел у другім чытанні. І напэўна гэтыю праўду кожны з нас дасведчыў, або яшчэ дасведчыць у сваім жыцці.

Тое што мы людзі плануем, асабліва тыя планы, якія ідуць далёка ў будучыню не заўсёды паспяхова ажыццяўляюцца. Па-першае, таму што не ўсё ад нас залежыць па-другое, пад націскам абставін і часу нашыя планы могуць змяніцца ў лепшы або ў горшы бок, або наогул можа іх не стаць. Але як бы там не было, нічога не здзяйсняецца Без ведання і дапушчэння Бога.

Адна жанчына, якую спаткала няшчасце і доўгі ланцуг хваробаў і выпрабаванняў пыталася аднойчы ў святара, ці выпадкова яна не церпіць з-за праклёнаў, якія маглі здзейсніць недабразычлівыя людзі ў яе адрас. На што святар супакойваючы і ўмацоўваючы яе казаў, што нічога не адбываецца без Божага Провіду. Тое, што нам прыходзіцца перажываць, без нашай асабістай віны – гэта досвед хрысціянскага ачышчэння. Наш лёс не залежыць ад праклёнаў, або ад дабразычлівасці людзей. Наш лёс у Божых руках і толькі Бог дакладна ведае чаму тое ці іншае сустрэлася ў нашым жыцці. Нам належыць трываць у праўдзе і быць цярплівымі.

Напэўна не памылюся, калі сцверджу, што ніхто не плануе хварэць, або сустракацца з жыццёвымі цяжкасцямі, але часцей за ўсё у жыцці адбываецца і адно і другое. І як бы сумна гэта не гучала, але ніхто ад гэтага не застрахаваны. Ды й застрахавацца ад гэтага немагчыма. Таксама няправільна было б шукаць нейкіх нетрадыцыйных спосабаў рашэння асабістых цяжкасцяў звязаных ці са здароўем, ці з сямейным жыццём.

Калі людзі звяртаюцца да нейкіх экстрасэнсаў, дзіўных лекараў, чараўнікоў, тых хто замаўляе і тым падобных. Бывае так што людзі кажуць ім такі візіт дапамог, але насамрэч яны не задумваюцца, колькі шкоды атрымліюць на душы, парушаючы першую запаведзь. Тая хвароба якую яны вылечылі выльецца праз нейкі час у большасць іншых хваробаў ды й духоўны стан такіх людзей пакідае жадаць лепшага.

Чалавек не любіць цярпець, гэта натуральна, але вельмі часта хрысціянін баіцца наследваць Езуса Хрыста ў сваіх цярпеннях. Магчыма гэтыя цярпенні на целе, якія не дазваляюць камфортна сябе адчуваць стануць у будучым, духоўнай узнагародай, за сталасць у веры і мужнасць у цярпенні.

Аб гэтым рэдка задумваюцца сучасныя хрысціяне. Усе мы бачым стацыі крыжовага шляху ў касцёлах, многа хто з нас можа нават пералічыць гэтыя стацыя па назвах ад першай да чатырнаццатай, але мала тых людзей, якія здольныя па-сапраўднаму убачыць на абразах гэтых стацый разам з Езусам саміх сябе. А для Хрысціяніна гэта істотна. Быць разам з Езусам, не толькі тады калі ў жыцці усё усміхаецца і ўкладаецца выдатна. Быць з Езусам трэба заўсёды: як на гары перамянення так і на кальварыі.

Сённяшняе Евангелле адлюстроўвае глыбіню і багацце Божай Мудрасці, якую здольны пазнаць чалавечы розум, асветлены воляю нябеснага Айца. Першае пытанне Езуса было патрэбнае для таго, каб вучні, абапіраючыся на людскія меркаванні, задумаліся над пытаннем, а хто ж такі на сам рэч іх Настаўнік. Кім Ён з’яўляецца.

Вялікія массы людзей лічылі што Ён прарок, але адналітага меркавання не было. Адныя казалі, гэта Ян Хрысціцель, як памятаем так нават сам Ірад лічыў, але было шмат іншых людзей, якія падтрымлівалі гэтае меркаванне. Хтосьці лічыў Езуса Іллёю, хтосьці Ераміяй, ці іншым славутым прарокам. Хутчэй за ўсё у коле апосталаў таксама не было адзінага меркавання на гэты конт. І каб праясніць сітуацыю Езус сваё пытанне звяртае непасрэдна да аўдыторыі сваіх вучняў. Гэта зразумела.

Натоўпы людзей не так добра ведаюць Езуса, як ягоныя вучні. У той момант апостал Пётр незвычайным чынам усведамляе, што іх Настаўнік не проста прарок, але Божы сын, Хрыстус. “Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога.” – адказвае Пётр. І Езус адразу тлумачыць адказ Пятра, называючы яго шчаслівым, а як ведаем у Біблійнай мове шчаслівы і благаслаўлёны – гэта сінонімы, словы аднолькавыя па значэнню. Езус не толькі благаслаўляе Пятра, але кажа што праўду гэтую адкрыў яму Айцец і што ў недалёкім будучым Пётр стане той скалой, на якой будзе пабудаваны Хрыстовы Касцёл.

Словы апостала Пятра можам назваць маленькім сімвалам веры, які не толькі тлумачыць асобу Езуса кім Ён з’яўляецца, але разам з гэтым паказвае волю Айца, можам сказаць тлумачыць Божыя планы. Чалавек, якога Бог запрасіў у сваю супольнасць, стаў сведкам гэтых Божых планаў. Сведкам паўстання Касцёльнай супольнасці. І хоць гэтая супольнасць мае бачныя структуры і складаецца з грэшных людзей, аднак галоўным ініцыятарам і кіраўніком гэтай касцёльнай супольнасці з’яўляецца Хрыстус. Хрыстус – галава і кіраўнік Касцёла.

Дарагія ў Хрысце. Мы з вамі ствараем сёння гэты Касцёл, супольнасць вызнаўцаў Хрыста і без сумніву пытанні, якія прагучалі сёння ў Евангеллі, адрасаваны і да нас з вамі. Нягледзячы, што ў нас ёсць свае меркаванні, свае планы, свае роздумы і мары, нам трэба заўсёды лічыцца з Божай воляй і ягонымі планамі. А найлепшым чынам мы будзем з гэтым лічыцца, калі будзем імкнуцца пазнаваць Ягоную волю. Так як гэта ўчыніў сёння апостал Пётр. Ягонае сэрца было накіраванае на гэтае адкрыццё. І Езус Яго называе шчаслівым. Напэўна ў Пятра былі свае планы, свая кропка гледжання, але ён змог адкрыць Божую праўду і прысвяціць ёй сваё жыццё. Вось гэта адпаведны накірунак для кожнага хрысціяніна ў кожны час. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В