Гамілія на XXII звычайную нядзелю, год А



Дарагія браты і сёстры!

Сучасны свет у якім мы жывем вельмі патрабуе сапраўдных Хрыстовых сведкаў. Канкрэтнай жыццёвай паставы, выразнага стылю жыцця, пабудаванага на Хрыстовым Евангеллі.

Аднак ментальнасць пераважнай колькасці людзей у наш час больш схіляецца да духу гэтага свету. Гэта значыць чалавек 21-ага стагоддзя, які ідзе ў нагу з часам, ён быццам адарваны ад духоўнага жыцця. Магчыма таму, у сённяшні час, мы перажываем крызіс пакліканняў: касцёлы, капліцы наведвае ўжо значна меншая колькасць людзей, чым гэта было напрыклад у тых жа 90-ых гадах мінулага стагоддзя.

У адной толькі гродзенскай семінарыі на пачатку 90-ых гадоў на трох курсах вучылася больш чым 100 клерыкаў. У цяперашні час з дзвюх семінарый з усіх (6) курсаў не набярэцца нават 30 клерыкаў. Як бачым крызіс у сферы паклікання да святарскага і манаскага жыцця, як таксама крызіс агульна веруючых людзей ён ёсць. Цяжка толькі сказаць, што на гэта паўплывала. Напэўна фактараў вельмі шмат.

Многія могуць сцвердзіць, што гэта негатыўныя наступствы камуністычнага рэжыму, у якім жыло не адно пакаленне нашага грамадства. Напэўна гэта так. Таксама стыль сучаснага чалавека якбы павялічвае яго эгаізм і памяншае адказнасць, губляюцца аўтарытэты, чалавек становіцца сам для сябе аўтарытэтам, а ў такіх умовах духоўнае жыццё не развіваецца, яно слабее. Але галоўная прычына на маю думку – гэта недахоп сведчання веры ў саміх сем’ях.

Калі бацькі жывуць згодна з Евангеллем, калі выхоўваюць сваіх дзяцей у гэтым жа духу, то я сумняваюся, што свет, у якім потым будуць жыць гэтыя дарослыя дзеці, здольны выкарэніць тыя хрысціянскія вартасці, якія яны набылі ў сваёй сям'і. Значыць пераважна прычына цяперашняга крызісу веры – гэта недастатковае рэлігійнае жыццё бацькоў.

Я сустракаў такіх людзей, якія лічылі сябе веруючымі. Яны сцвярджалі, што вераць у Бога, што нават неяк там моляцца. Але гэтая вера іх асабістая справа, пра якую ведаюць толькі яны і Бог. Але, мае дарагія, калі паглядзець на жыццё такіх “веруючых людзей”, то даволі складана там убачыць нейкую хрысціянскую жыццёвую паставу, хрысціянскі стыль жыцця. Хутчэй за ўсё хрысціянскі лад жыцця там прысутны ў якасці невялічкага дадатку. Сваеасаблівы рэлігійны бонус.

Справа ў тым, што чалавек, вера якога не практыкуецца і абмежавана толькі унутраным дыялогам з Богам, не зусім паўнацэнны хрысціянін. Чаму? Можа такі чалавек і размаўляе з Богам, асабліва калі перажывае нейкія цяжкасці, можа ён і верыць, але калі такая вера і ёсць, то яна па сваёй сутнасці вельмі слабая і інфантыльная. А перш за ўсё такая вера не прыносіць чалавеку духоўнай карысці.

З вераю заўсёды звязаны чыны. Вось паглядзіце: цнота веры нараджае надзею і вядзе да любові. Фактычна з веры выплываюць гэтыя цноты. Таксама і ў жыцці, калі чалавек верыць у Бога, то давярае і Касцёлу, які створаны Богам, дзеля збаўлення чалавека. Як бы чалавек моцна не верыў у сваім сэрцы ў Бога, але кожны з нас грэшны і кожны патрабуе ачышчэння, ці гэта звычайны святар, ці папа Рымскі ці просты свецкі вернік, усе мы патрабуем Божага прабачэння. Сам чалавек няздольны атрымаць адпушчэнне грахоў, няможа чалавек сам сябе паспавядаць, максімум што можа, дык гэта у сваім сэрцы вызнаць глыбокую скруху за свае грахі, але пазбыцца грахоў без сакрамэнтальнага іх адпушчэння няма такой магчымасці. Таму патрэбна сакрамэнтальная споведзь. А гэта значыць, што трэба ісці ў Касцёл.

Як моцна ў сэрцы не верыў бы чалавек, з’яднацца з Богам можа толькі дзякуючы Эўхарыстыі, сам ён гэта ніколі не зробіць, якім бы ён добрым не быў. А гэта значыць, што патрэбнае практыкаванне веры. Патрэбны свядомы ўдзел у Святой Імшы. Менавіта ў гэтым кантэксце апостал Якуб кажа, што вера без учынкаў мёртвая. Калі чалавек верыць, ён будзе практыкаваць сваю веру: будзе выконваць Божыя і касцёльныя запаведзі, будаваць сваё жыццё ў духу Хрысціянскага Евангелля, ахвотна прабачаць крыўды, рэгулярна спавядацца і прымаць Святую Камунію.

На самой справе не бывае чалавека веруючага, але не практыкуючага. Таксама як і не існуе лекара тэрапеўта, акі ходзіць на працу, а займаецца напрыклад будоўляй. Тады ён напэўна не тэрапеўт, а звычайны будаўнік. Тое ж самае і ў духоўным жыцці, калі мы, прыняўшы хрост сталі хрысціянамі, то як можам жыць бязбожна? Калі мы хрысціяне, мы не можам жыць як язычнікі. А вось мірскія тэндэнцыі заахвочваюць чалавека жыць як бязбожнік, гэта нават становіцца модным. Адсюль узнікае распуста, беспарадак у сэксуальнай сферы чалавека, аборты, разводы, у рэкорднай колькасці. Вось да чаго вядзе такі язычніцкі стыль жыцця.

Дарагія! Быць сведкам Хрыста вельмі няпростая задача. Мы можам падумаць што толькі святар павінен абвяшчаць Божае слова ў Касцёле. Але гэта не зусім так. Святар Божае слова абвяшчае падчас літургіі ўрачыста ў касцёле. Але таксама ў хрысціянскіх сем’ях бацькам трэба абвяшчаць Божае слова сваім дзецям. Вучыць іх веры ад маленства. Канешне, калі бацькі будуць спрабаваць вучыць свайго сына веры, якому ужо 40 гадоў, то гэта будзе зрабіць вельмі цяжка, а можа і немагчыма. Вучыць сваіх дзяцей трэба ад пялёнак. А перш за ўсё самому быць веруючым чалавекам, каб іншыя маглі браць прыклад і чамусьці вучыцца.

Калі ў сям’і няма малітвы, калі сям’я ходзіць да касцёла некалькі раз на год, то цяжка гэта назваць хрысціянскім жыццём, бо няма тут і блізка ніякага хрысціянскага сведчання.

Тое, што сведчанне Божага слова – справа нялёгкая чуем сёння ў першым чытанні. Прарок Ерамія скардзіцца на тое, што нягледзячы на праўду, якую ён атрымаў праз Божае аб’яўленне і якую перадаў у словах свайму народу, з яго здзекваюцца і насміхаюцца. Не тое што не ўспрымаюць ягоныя словы, дык яшчэ і здзекваюцца з яго: “Я станаўлюся пасмешышчам кожны дзень, і ўсе кпяць з мяне.” – кажа Ерамія.

Дарагія, праўда заўсёды каштуе і вельмі часта за яе прыходзіцца цярпець. Але, паводле словаў Хрыста, хто вытрывае да канца – будзе збаўлены. Абвяшчаць Божае слова і жыць згодна з ім – гэта пастава і чыны Хрыстовага вучня. Кожны з нас, хто верыць у Хрыста і прымае Яго навуку з’яўляецца вучнем. А ў сённяшнім Евангеллі Хрыстус выразна акрэсліў умову свайго наследвання. “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною.” Паколькі мы з’яўляемся веруючымі хрысціянамі, нам трэба наследваць Хрыста. А гэта значыць забываючы пра сябе браць на свае плечы жыццёвы цяжар і крочыць следам за Хрыстом, бо толькі Ён адзіны: дарога, праўда і жыццё. Таму наследваць Хрыста немагчыма, калі вера не практыкуецца. Як кажа Езус Хрыстус няможна служыць двум гаспадарам: свету і Богу. Трэба выбраць кагосьці аднаго.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Крочыць за Хрыстом з аднаго боку складана, бо мы тады ідзем на суперак свету. Але, калі мы ўжо распачалі гэтую вандроўку, то павінны яе давесці да канца. Тым больш у гэтай вандроўцы мы не застаемся самі, а маем моцную Божую дапамогу. “Вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння свету.” – гэта словы самога Езуса Хрыста. Няхай нашае сведчанне хрысціянскага жыцця будзе сапраўдным, не напаказ, як гэта было ў фарысеяў, як таксама няхай нашае сведчанне веры не будзе схаванае дзесьці далёка ў сэрцы. Гэтых дзьвюх крайнасцяў няхай у нашым жыцці не будзе. “Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго.” – кажа Хрыстус. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В