Гамілія на XXIV звычайную нядзелю, год А


Дарагія браты і сёстры!

Тэма, якую ўзнімае сённяшняе Божае слова, асабліва Евангелле, не толькі актуальная, гэта бадай самая папулярная тэма, якая адначасова вельмі складаная і далікатная.

У святле апошніх падзеяў, якія адбываюцца ў нашай краіне, тэма крыўды і прабачэння выклікала шырокі рэзананс ва ўсіх слаях грамадства. Падумайце самі. Калі парушаюцца правы чалавека, калі існуе ўплыў гвалту, нясправядлівасці, хлусьні, то ахвярай гэтага становіцца ў першую чаргу звычайны чалавек, які ў сваім сэрцы адчувае боль і крыўду. А такіх пацярпелых людзей у наш час нямала.

Хтосьці можа сказаць, што гэта фэйкі, насілля ніякага не было, і няма, а сілавая структура дзейнічае выключна ў рамках закона і канстытуцыі РБ, хтосьці іншы скажа гэта былі адпаведныя метады сілавікоў на раз’юшаны кантэнгент мітынгуючых людзей. Зараз не хачу ўдавацца ў падрабязнасці і каментаваць прычыны, па якіх здзяйснялася і здзяйсняецца, нажаль, жорсткасць, часам нечалавечая жорсткасць. Гэтых прычын напэўна нямала. Зрэшты тут можна задаць вельмі добрае пытанне: А за што Каін Абэля забіў?

Больш хачу засяродзіцца на выніку гэтага зла. А вынік вельмі драматычны. Збітыя, катаваныя людзі, атрымалі траўмы не толькі цялесныя, але перш за ўсё псіхалагічныя і духоўныя. Якія яшчэ доўгі час будуць гаіцца. Патрэбныя не дні і месяцы, патрэбныя гады, каб гэта ўсё зажыло. А прыкладаў і сведчанняў такіх людзей сёння даволі шмат. І як у такім выпадку замоўчваць праўду, хаваючы галаву ў пясок як быццам нічога не сталася. Пасля такіх адносінаў да людзей, нельга адысці на бяспечную адлегласць і быць абыякавым.

Зло параджае зло. Але Хрыстус для ўсіх нас дае ўніверсальны лек, на гэтую хваробу. Ён кажа: зло дабром перамагайце. На першы погляд нам цяжка сабе ўявіць як гэта зрабіць у складаных драматычных сітуацыях, тыпу тых, якія мы з вамі сёння перажываем. Але гэты прынцып універсальны. Бо такіх сітуацый насамрэч вельмі шмат.

Усе мы неаднойчы сутыкаліся з такімі сітуацыямі, калі нас крыўдзяць: ці, напрыклад ,у сямейнай супольнасці, ці ў адносінах між сябрамі або знаёмымі. Усё роўна прабачыць бывае даволі складана. І першая рэацкыя, у такіх сітуацыях: не толькі не хочацца падставіць другую шчаку, калі табе ўдарылі ў першую, але хочацца крыўдзіцелю ўваліць удвая мацней.

Магчыма таму сярод пратэстуючых людзей можна убачыць надпісы: “Не забудзем! Не прабачым!” На першы погляд гэтыя словы нам могуць паказацца адпаведным адлюстраваннем справядлівасці, у адказ на тое, што выцярпелі мірныя людзі. Але, калі глыбей паразважаць над гэтым, то апошні заклік асабіста мне, але напэўна і не толькі, можа разумецца як схаванае за справядлівасцю жаданне адпомсціць. А гэта не зусім хрысціянскі шлях вырашэння канфлікту.

Дарагія! Чаму хрысціянскае прабачэнне – гэта шлях да сапраўднага прымірэння? Па-першае: таму, што прабачэнне – гэта стан чалавека, які мяняе яго знутры. Па-другое: прабачэння патрабуе кожны чалавек, бо праз грэх, робіць крыўду самому Богу. І вельмі часта нават не ўсведамляе наколькі моцная гэтая крыўда. І трэцяе: прабачэнне – гэта ўчынак моцнага чалавека. Прабачэнне – гэта не слабасць, гэта годнасць.

Дараваць чалавеку яго правіны, бывае вельмі няпроста. Крык душы, незацягнутыя яе раны, балючыя ўспаміны – усё гэта пераадолець бывае не так і проста. У асобных выпадках па-чалавечы амаль немагчыма. Патрэбны час і свядомасць таго, што шчырае прабачэнне мае ў сабе аздараўляльную моц і чалавек перажывае ўнутраныя перамены. Напэўна ён становіцца лепшым, больш мудрым, больш добрым, міласэрным, цярплівым.

У сваю чаргу помста не прыносіць такіх рэзультатаў, яна замыкае чалавека, пакідае чалавека сам на сам з ягонай крыўдай і гэтая крыўда, як бы выядае чалавека знутры. Уплыў граху і злога духа тут будзе вельмі вялікі. А злосць і гнеў будуць гэтую помсту толькі павялічваць і абвастраць. Словы з сённяшняга першага чытання выдатна гэтую думку тлумачаць: “Гнеў і злосць — агідныя рэчы, і чалавек грэшны будзе падуладны ім. Той, хто помсціць, зведае помсту ад Бога, які дакладна запомніць грахі ягоныя.”

Такім чынам, браты і сёстры, мы – якія так часта з’яўляемся даўжнікамі Бога, павінны дараваць правіны тых, хто па нейкіх жыццёвых прычынах з’яўляецца нашым даўжніком. Сёння Хрыстус, на пытанне Пятра адказвае: “Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.” Азначаюць гэтыя словы, што прабачаць нам трэба заўсёды.

Гэта не значыць, што нам не будзе балець душа, гэта не значыць, што мы са сваёй памяці сатрэм тыя ўспаміны, якія прыносілі нам боль або непрыемнасць – гэта ўсё ў нас можа быць, галоўнае, каб у нас не было нянавісці і каб мы не жадалі самастойна адпомсціць іншым. Помста належыць да Бога. Ён справядлівы суддзя і міласэрны Айцец.

Той жыццёвы досвед, які нас сустрэў, тая порцыя крыўды, якую мы дасведчылі, няхай для нас будзе магчымасцю пераадолець саміх сябе, каб стаць лепшымі. А гэта без прабачэння немагчыма.

Прыпавесць, якую мы сёння пачулі ў Евангеллі на прыкладзе гаспадара і слугі паказвае чым з’яўляецца прабачэнне, а чым - зацвярдзелае сэрца і помста. І гэтую прыпавесць варта ўзяць сабе да сэрца. Гаспадар сімвалам якога з’яўляецца сам Бог, літуецца над кожным з нас. Гэта кожны з нас з’яўляецца тым слугою, які падае ніцма і просіць аб велікадушнасці і літасці. І кожны з нас гэта ўсё можа атрымаць. Ёсць толькі адзіная небяспека, якая нам у гэтым можа перашкодзіць. Менавіта гэта помста. Тое, што зрабіў слуга з прыпавесці: не пажадаў прабачыць свайму сабрату, але яго пакараў. І як бачым у Божых вачах гэты ўчынак быў вельмі брыдкі, бо перакрэсліў тую літасць, якую аказаў слузе гаспадар. Мяркую, што для кожнага з нас гэтая прыпавесць вельмі блізкая і зразумелая.

Умілаваныя браты і сёстры! Крыўды ў гэтым свеце хапае, самай разнастайнай: і ў грамадстве, і ў парафіі і ў сям’і. Чаму так? Таму што свет недасканалы, таму што свет сапсаваны першародным грахом, таму што калі чалавек адыходзіць ад Бога, паддаецца ўплывам шатана, айца хлусні і крыўды. Але тое, што свет недасканалы, не повад, каб мы расчароўваліся і не імкнуліся да дасканаласці. Мы можам зрабіць гэты свет лепшы, калі будзем у камуніі з Богам і з іншымі людзьмі. А ўсялякую крыўду зможам перамагчы шчырым прабачэннем. Амэн.



Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В